Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У шпітальнай капліцы ў Лідзе ўпершыню запалены Бэтлеемскі агонь
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.12.2014 12:37

Напярэдадні Божага Нараджэння ў шпітальнай капліцы Маці Божай з Люрда ўпершыню быў запалены Бэтлеемскі агонь. У Ліду яго прывезлі члены мясцовай дружыны харцэраў «Крайка».

«Жыватворнае полымя мы прынялі на мяжы з Беластокам 17 снежня, — расказала журналісту «Лідскай газеты» кіраўнік Рэспубліканскага ГА «Харцэрства» Марына Юхо. — Да гэтага яно трымала шлях праз Германію і Славенію. Такім чынам, агонь падарожнічае па ўсёй Еўропе.

Унясенне Бэтлеемскага агню ў шпітальную капліцу Маці Божай з Люрда невыпадковае. Ксёндз-капелан Юрый Беганскі патлумачыў, што хворыя, якія сёння знаходзяцца ў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, вымушаны перажываць Божае Нараджэнне ў шпіталі. Побач з імі знаходзяцца і медыцынскія работнікі, урачы.



«Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам таго, што вера, нягледзячы на розныя крызісы і хваробы, жыве. І Бэтлеемскі агонь становіцца яшчэ адной магчымасцю ўмацаваць нашу веру, каб мы маглі адказваць на выклікі часу і каб яна асвятляла наш жыццёвы шлях», — адзначыў святар.



Ксёндз-капелан заклікаў вернікаў браць Бэтлеемскі агонь дадому, каб пры ім перажываць апошнія дні падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.

У лідскай шпітальнай капліцы Маці Божай з Люрда агонь будзе знаходзіцца да абеда 24 снежня. Дзверы капліцы адчынены для ўсіх жадаючых з 8.00 да 18.00.

Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае не толькі жыхароў розных краін, але і прадстаўнікоў розных веравызнанняў: у Лідскім раёне ён трапіў як у каталіцкія, так і ў праваслаўныя святыні. Зараз полымя ад Бэтлеемскага грота знаходзіцца таксама ў Фарным касцёле і ў Свята-Георгіеўскім храме.

Вікторыя Русілевіч
фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.