Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне прайшла аплатковая сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.12.2014 12:59

27 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплатковая сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка» ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэчу арганізаваў кс. Валерый Быкоўскі — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі і апякун «Маргарытак».

На сустрэчы сабраліся члены руху «Маргарытка» з розных мясцін дыяцэзіі.

Малітоўны рух за святароў «Маргарытка» ўзнік у Гродзенскай дыяцэзіі год таму і налічвае сёння каля 500 чалавек – гэта мужчыны, жанчыны, дзеці і моладзь. Сутнасць апостальскага руху «Маргарытка» - штодзённая малітва за канкрэтнага святара. Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне сакрамэнту святарства.

«Маргарыткі» акружаюць апекаю духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і законных асобаў, пасвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяравання ім дару дня праз усё сваё жыццё.

На сённяшні момант малітвай руху ахоплены 154 святары, якія служаць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і далёка за яе межамі. У апошні час узнікла таксама «Маргарытка», якая прысвяціла малітву за Мітрапаліта Мінска-Магілёўскаа арцыбіскупа Тадэвуш Кандрусевіча.

У межах аплатковай сустрэчы адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх узгадаў пра асобу св. Яна Евангеліста, якога Касцёл успамінаў у гэты дзень, адзначыўшы, што праз успамін пра гэтага святога ў перыяд Божага Нараджэння перад намі паўстае вобраз пустога гробу Пана, так важны ў перажыванні Вялікадня.

Па словах біскупа, добра, што літургія Касцёла ад гроту Нараджэння вядзе вернікаў да гроту Уваскрасення, бо гэтыя два факты цесна звязаны між сабой: “Без Нараджэння Уваскрасенне было б немагчымае, а без Уваскрасення Нараджэнне не мела б сэнсу”.

Таксама ў гэты дзень да руху «Маргарытка» далучыліся новыя члены, якія склалі абяцанні і прынялі абавязак малітвы за канкрэтных святароў.

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай, падчас якога біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім прысутным “Бога ў сэрцы і на адкрытай далоні”. Спеў традыцыйных калядак дадаў сустрэчы радасці, якая вынікае з падзеі прыйсця на свет Збаўцы ў чалавечым целе.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.