Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёстры назарэтанкі ў Гродне адзначылі сваё патранальнае свята
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.12.2014 12:15

Нядзеля Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа — патранальнае свята Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. 28 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскі) у Гродне, дзе сёстры назарэтанкі служаць шмат гадоў, прайшлі яго галоўныя святкаванні.

Урачыстую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Святая Сям’я з Назарэта з’яўляецца для гэтай супольнасці ўзорам, які натхняе сясцёр прыгажосцю звычайнага жыцця, якое перажываецца ў глыбокай веры і блізкасці з Хрыстом, Богам, прысутным у кожным чалавеку. Таму для кожнай назарэтанкі гэта асаблівы і выключны дзень, каб выказаць Богу ўдзячнасць за дар выбрання і паклікання. У свята Святой Сям’і падчас Імшы сёстры назарэтанкі аднавілі законныя шлюбы, каб надалей з маладым запалам рэалізаваць свой харызмат.

Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ўдзельнічае ў розных формах апостальскай дзейнасці ў Касцёле, асабліва праз служэнне сем’ям. Такой была воля заснавальніцы кангрэгацыі — благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай.



Сужэнцы — слугі жыцця, а не яго гаспадары

Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падчас Імшы звярнуў асаблівую ўвагу на ролю сям’і ў сённяшнім грамадстве. Іерарх падкрэсліў, што ля асноваў кожнай сям’і знаходзіцца сужэнства — «саюз мужчыны і жанчыны, які заключаецца на ўсё жыццё, і таму выконвае таксама пэўныя грамадскія задачы».

«Наша задача — пастаянна нагадваць, што сужэнствам можна называць супольнасць мужчыны і жанчыны, якая разумеецца толькі так, — дадаў біскуп. — Гэты саюз Хрыстус учыніў сакрамэнтам, ці асвячэннем сужэнцаў, знакам сваёй прысутнасці ва ўсіх іх справах, а адначасова крыніцай асаблівай ласкі для іх».

Іерарх нагадаў таксама, што жыццё — дар Бога, «таму сужэнцы, адкрытыя на гэты дар, з’яўляюцца слугамі жыцця, а не яго гаспадарамі». «Жыццё — найпрыгажэйшы дар Бога», — адзначыў біскуп.

Іерарх звярнуў увагу, што і сёння «сужэнства можа быць крыніцай шчасця і радасці», а «ў поўні паспяховым і плённым яно будзе толькі тады, калі жанчына і мужчына злучаюцца ў саюзе выключным, на ўсё жыццё, які прымаецца ва ўзаемнай любові, з даверам у моц любові Божай».

Звяртаючыся да сясцёр назарэтанак, якія адзначалі ў гэты дзень патранальнае свята, біскуп выказаў надзею, што кожная з іх імкнецца да таго, каб таксама ствараць супольнасць на ўзор Святой Сям’і з Назарэта.

Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў таксама ўсіх удзельнікаў Эўхарыстым да нястомнай малітвы аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле.

Радаснае святкаванне завяршылася супольным абедам і спевам калядак у правінцыяльным доме сясцёр назарэтанак.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.