Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася аплатковая сустрэча ўдзельнікаў пілігрымкі «Гродна-Рось»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.12.2014 12:02

26 снежня ў парафіі Беззaганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне прайшла аплатковая сустрэча ўдзельнікаў пілігрымкі «Гродна-Рось». Аплатковая сустрэча, якая збірае пілігрымаў з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, якія летам падарожнічалі ў санктуарый у Росі, па традыцыі адбываецца ў другі дзень святаў Божага Нараджэння і з’яўляецца добрай нагодай, каб на нейкі час вярнуцца да перажытага разам шляху і падзяліцца сваёй радасцю.

Можна з упэўненасцю сказаць, што пілігрымы ствараюць адну сям’ю. Святы Божага Нараджэння маюць сямейны характар, таму аплатковая сустрэча натхняе да таго, каб аднавіць гэтыя сямейныя кантакты, сувязі.

Святую Імшу, якая цэлебравалася ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў і ахвярадаўцаў пілігрымкі, узначаліў шматгадовы пілігрым, які ў лістападзе гэтага года атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, — кс. Аляксандр Сямінскі.

Падчас Імшы пілігрымы дзякавалі Богу за сёлетнюю, ужо 13-ю, пешую пілігрымку з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі і маліліся за ўсіх, хто прымаў у ёй удзел. Малітвамі агарнулі таксама ўсіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў пілігрымкі.

Кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч у гаміліі засяродзіў асаблівую ўвагу на асобе св. Стэфана, першага мучаніка, якога Касцёл узгадваў 26 снежня.

«У шэрагу тых, хто імкнецца да стаенкі Божага Дзіцяці, прыходзіць у гэты дзень, пасля анёлаў і пастухоў, святы Стэфан, першы мучанік. Ён прыносіць Хрысту ў сваёй ахвяры найпрыгажэйшы дар: акрываўленую пальму свайго мучаніцтва», — адзначыў святар.

«Яго прысутнасць у бэтлеемскім гроце — адказ чалавечай любові на любоў Божую», — дадаў кс. Юрый Марціновіч.

Святар заўважыў, што святы Стэфан зразумеў сэнс і мэту Божага Нараджэння, зразумеў, што яно з’яўляецца поўным і цудоўным аб’яўленнем любові Бога да людзей. Звяртаючыся да пілігрымаў і ўсіх удзельнікаў Імшы, кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў: «На такую любоў Бога да чалавека, любоў без межаў, трэба і нам таксама адказаць бязмежнай любоўю».

Пасля Імшы пілігрымы дзяліліся аплаткай і складалі адзін аднаму пажаданні. У праграме сустрэчы быў спеў калядак, гульні, забавы, інтэграцыйныя танцы. Сустрэча скончылася супольнай малітвай і Божым благаслаўленнем, якое павінна ўзмацніць удзельнікаў у пілігрымаванні праз штодзённыя змаганні, цяжкасці і радасці.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.