Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі: «Уваходзіць у новы год з Езусам Хрыстом»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.01.2015 14:48

1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і ў першы дзень новага года, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

У гаміліі іерарх адзначыў, што Панна Марыя, постаць якой Касцёл прадстаўляе увазе вернікаў у гэты дзень, “заўсёды атачае нас сваёй мацярынскай апекай, адорвае нас сваёй любоўю”.

Біскуп звярнуў увагу, што літургічнае чытанне гэтага дня прадстаўляе словы Бога, скіраваныя да Майсея, якія ўтрымліваюць формулу благаслаўлення, якое святарскі род павінен быў удзяляць роду Ізраэля. “Поўня Божага благаслаўлення – гэта абяцанне збаўлення, якое рэалізавалася ў асобе Езуса Хрыста, - дадаў іерарх. – Сведкам гэтага благаслаўлення з’яўляецца Марыя”.

Па словах біскупа, “з Езусам Хрыстом, народжаным з Дзевы Марыі, мы павінны ўваходзіць у новы год і ўносіць Яго благаслаўленне ў наша жыццё”.

“Езус Хрыстус, найвялікшае благаслаўленне Бога для свету, - гэта той самы абяцаны прарокамі “Князь міру”, - нагадаў гродзенскі ардынарый. – Езус Хрыстус прыходзіць у свет дзякуючы Марыі, праз Яе спаўняецца благаслаўленне міру”.

Біскуп дадаў, што ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі – гэта таксама дзень малітваў аб міры.     
    
“Сапраўдны мір, аб якім сёння молімся, - гэта не толькі адсутнасць вайны, - патлумачыў іерарх. – Мы з’яўляемся сведкамі непакоячай з’явы зняволення чалавека, аб якой кажа Папа Францішак у сёлетнім пасланні”. “Прычына гэтых з’яваў – адсутнасць павагі да годнасці чалавечай асобы, разуменне чалавека як прадмету ці сродку прыбытку”.

Біскуп заахвоціў вернікаў прасіць Панну Марыю, Каралеву міру, “каб выпрошвала Божага благаслаўлення міру для нашых сэрцаў, дамоў, сем’яў, супольнасцяў, народаў і ўсёй чалавечай сям’і”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.