Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне адбылася аплатковая сустрэча біскупа Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.01.2015 13:14

4 студзеня ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася аплатковая сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з працаўнікамі чыгункі. У сустрэчы прынялі ўдзел працаўнікі чыгункі з усёй дыяцэзіі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Душпастырства чыгуначнікаў у Гродзенскай дыяцэзіі апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі. Iдэя заснавання душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе тады быў пробашчам а. Андрэй Шчупал CSRS.

Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам. Таксама арганізуюцца пілігрымкі працаўнікоў чыгункі ў Польшчу, даецца магчымасць удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў.



У гаміліі падчас святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: «Сучасны свет часта не распазнае Бога, Яго прыгажосці і дабрыні ў створаным (…). Людзі не адчуваюць патрэбы з’яднання з Богам». Іерарх прапанаваў сабраным падумаць над пытаннем: “Ці супадае вера, якую мы вызнаем словамі, з нашай жыццёвай паставай?»

Прыводзячы словы з чытання Евангелля на гэты дзень пра Яна Хрысціцеля («З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра Святло»), гродзенскі ардынарый заўважыў: “Гэтае кароткае сцвярджэнне з’яўляецца таксама і для нас заклікам, каб мы, як хрысціяне, сведчылі пра Святло».

Біскуп нагадаў, што да такіх сведкаў належала і святая Кацярына Александрыйская — апякунка працаўнікоў чыгункі.

Іерарх заахвоціў сабраных да «сведчання веры нашым штодзённым жыццём», дадаўшы, што «да рэчаіснасці штодзённага дня належыць таксама праца». «У хрысціянскім разуменні праца — не сляпая служба эканоміцы, але служэнне Богу і чалавеку, — дадаў біскуп. — Добра, старанна і з пашанай выкананая праца — выраз любові да бліжняга».


«Як карыстальнікі чыгункі, мы хочам сёння падзякаваць вам за вашу ахвярную і руплівую працу, — сказаў іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. — На прыкладзе чыгункі добра бачна, як праз сваю працу чалавек служыць іншым».

«Жадаю вам, дарагія працаўнікі чыгункі, каб ваша праца заўсёды была прыгожым сведчаннем службы Богу і чалавеку, — пажадаў біскуп прысутным. — Няхай Езус Хрыстус вас благаславіць, няхай дадае вам сіл і матывацыі, каб вы з радасцю спаўнялі свае абавязкі для дабра ўсіх нас».

«Святы Божага Нараджэння нагадваюць нам, што ў гэтым падарожжы мы не адны: нас суправаджае Езус Хрыстус — наша Дарога, Праўда і Жыццё, — дадаў біскуп. — Няхай Ён дапаможа нам быць дзецьмі святла, з дня на дзень станавіцца лепшымі Яго вучнямі».

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы дзяліліся аплаткамі і выказвалі святочныя пажаданні.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.