Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана навучэнцы семінарыі ў Гродне наведалі некаторыя парафіі дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.01.2015 17:09

Навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі некаторыя парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам з вернікамі памаліцца аб новых пакліканнях да Божай службы, а таксама падзякаваць за матэрыяльную і духоўную падтрымку іх навучальнай установы.

У гэты дзень па традыцыі ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі збіраліся ахвяраванні на ўтрыманне семінарыі ў Гродне. Карыстаючыся нагодай, навучэнцы семінарыі дзякуюць вернікам дыяцэзіі за малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі семінарыі, а таксама за матэрыяльны клопат аб гэтай навучальнай установе.

У гэты дзень у парафіях семінарыстамі быў прачытаны ліст рэктара гродзенскай семінарыі кс. Рамана Рачко, скіраваны да вернікаў дыяцэзіі.

«Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры. Давайце дапаможам малітвай сёння ўсім нам, асабліва маладым людзям, якія стаяць перад выбарам жыццёвай дарогі, даверыцца Богу і быць тымі, каго вядзе зорка да сустрэчы з Богам у Нованароджаным Езусе, — адзначыў ксёндз-рэктар. — У заключэнне дазвольце мне, як рэктару, ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста падзякаваць Вам за малітвы, за ўсё добрае, што робіце нам, а таксама за матэрыяльныя ахвяраванні, складзеныя на ўтрыманне нашай семінарыі».

Рэктар семінарыі адзначыў, што малітва за працаўнікоў на жніве Пана, а таксама падтрымка тых, хто жадае прысвяціць сваё жыццё прапаведаванню Евангелля, з’яўляюцца нашым агульным абавязкам:

«Са свайго боку я запэўніваю Вас у нашых малітвах ва ўсіх вашых інтэнцыях. Святая Імша за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў семінарыі праводзіцца ў апошні дзень кожнага месяца ў нашай семінарыйнай капліцы», — заключыў кс. Раман Рачко.

Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года. За гэты час ў яе сценах было падрыхтавана больш за 150 святароў, якія цяпер вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане. Сёння шлях святарскага паклікання ў семінарыі распазнаюць 33 навучэнца.

(JM), (JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.