Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На тры дні адчуць сябе семінарыстам: у гродзенскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі «Распазнанне паклікання»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.01.2015 12:28

2-4 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся зімовыя рэкалекцыі «Распазнанне паклікання». У рэкалекцыях прынялі ўдзел каля 40 маладых людзей з Гродна, Ліды, Смаргоні,  Ашмян і іншых месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

У праграме рэкалекцый, якія праходзілі пад дэвізам «Мой адказ на Божую любоў», былі канферэнцыі, святая Імша, адарацыя, ранішняя і вячэрняя малітвы, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, якія дапамагалі адкрыць тэму рэкалекцый і паразважаць над уласным жыццём.

 

Падчас рэкалекцый удзельнікам служылі дапамогай, словам і парадай мадэратары семінарыі, духоўныя айцы і семінарысты.

Па словах кс. Валерыя Быкоўскага, духоўнага айца семінарыі, гэтыя рэкалекцыі з’яўляюцца «прыстанкам у жыцці». Таму ў сваёй канферэнцыі святар заахвоціў прысутных адкрыць сэрцы на дзеянне Духа Святога, адначыўшы, што важны элемент у такім прыстанку ў жыцці – прыслухацца да голасу Бога, каб распазнаць сваё пакліканне. Духоўны айцец падкрэсліў таксама важнасць цішыні і засяроджанасці, неабходных для пошуку сэнсу свайго жыцця, і прапанаваў сабраным пражыць гэты час у «семінарыйным духу», адчуць сябе семінарыстам, які рыхтуецца да служэння пры Хрыстовым алтары. Таму ўдзельнікам было прапанавана на нейкі час «аддзяліцца» ад свету, або выключыць усё тое, што можа ў гэтым перашкаджаць.

Праграма кожнага дня рэкалекцый была вельмі насычанай і нагадвала звычайны дзень семінарыста. Адрозненне было толькі ў ранішнім пад’ёме: семінарысты пачынаюць дзень вельмі рана, падчас жа рэкалекцый пад’ём быў у 8 гадзін — пры гэтым на адпачынак ішлі, як і навучэнцы семінарыі, у 22.30. Кожны дзень пачынаўся малітвай у капліцы – месцы, дзе сабраныя праводзілі шмат часу на каленях, як на індывідуальнай малітве, так і на супольнай адарацыі.     

Падчас рэкалекцый не было семінарыйных заняткаў, але ўдзельнікі маглі сустрэцца і паразмаўляць з мадэратарамі і духоўнымі айцамі гэтай навучальнай установы. Таксама з удзельнікамі сустрэўся шматгадовы рэктар семінарыі, сённяшні дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які з вялікай зацікаўленасцю ўдзельнічае ў жыцці семінарыйнай супольнасці.



 

Рэкалекцыі завяршыліся ў дзень Панскі — нядзелю. Удзельнікі на ўзор навучэнцаў наведалі нядзельную Эўхарыстыю ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Пасля супольнага абеду ўдзельнікі раз’ехаліся па сваіх дамах, каб у штодзённым жыцці мець магчымасць яшчэ раз памаліцца і ў цішыні старацца пачуць голас Пана, імкнучыся распазнаць, які шлях для іх падрыхаваны.

Быць можа, хтосьці з удзельнікаў рэкалекцый чакаў, як навучэнцы семінарыі, выхаду ў горад у чацвер або ў нядзелю (у іншыя дні выхад у горад магчымы толькі з дазволу мадэратара). Хочацца верыць, што ў сэрцах многіх з іх загарэлася жаданне яшчэ раз вярнуцца ў семінарыю – магчыма, не толькі на тры дні, але і на даўжэйшы час — і адчуць сябе там як дома.

Кс. Юрый Марціновіч    

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.