Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася аплатковая сустрэча законных сясцёр Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.01.2015 17:11

5 студзеня адбылася аплатковая сустрэча законных сясцёр Гродзенскай дыяцэзіі. Святую Імшу з удзелам законніц цэлебраваў у гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сустрэчы ўдзельнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч разважаў аб місіі кансэкраваных асобаў у Год кансэкраванага жыцця.

Найперш іерарх прыгадаў аб тым, што 50 гадоў таму Другі Ватыканскі Сабор прыняў Дэкрэт аб абнаўленні кансэкраванага жыцця, які дазволіў па-новаму паглядзець на місію законнікаў у сучасным свеце. Сабор, як нагадаў Мітрапаліт, заклікаў кансэкраваных асобаў больш адважна ўключацца ў пастырскую і місійную дзейнасць.

Гэтую думку Сабору, дадаў іерарх, яшчэ больш развіў Сінод Біскупаў, прысвечаны кансэкраванаму жыццю і яго місіі ў Касцёле і свеце, які адбыўся ў 1993 г. Падрыхтаваная па яго выніках св. Янам Паўлам ІІ Апосталькая адгартацыя "Кансэкраванае жыццё" з поўным правам, па словах Мітрапаліта, можа лічыцца настольнай кнігай законнікаў і законніц і правадніком для іх у сучасных абставінах.

Арцыбіскуп адзначыў, што Папа Францішак не спыняецца на гэтым і абвяшчае Год кансэкраванага жыцця “з мэтай засяродзіць увагу сучаснага свету на яго ролю ў ім і на ўнясенні ў яго духоўную цемру святла веры”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў ролю кансэкраванага жыцця ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі, заўважыўшы, што без кансэкраванага жыцця “немагчыма было б учыніць тое, што ўдалося супольнымі намаганнямі”.

“Аднак нам не дазволена заставацца на дасягнутым. Да гэтага нас змушаюць выклікі сучаснага свету, і на іх неабходна адказваць ужо сёння, бо заўтра можа быць занадта позна. Таму з кожным днём узрастае адказнасць кансэкраванаых асобаў, асабліва ў сведчанні жыцця паводле евангельскіх радаў чысціні, беднасці і паслухмянасці, што становіцца новым выклікам як для саміх кансэкраваных асобаў, так і свету, асабліва моладзі, - дадаў Мітрапаліт. - Нездарма Святы Айцец Францішак заклікае кансэкраваных асобаў дапамагчы разбудзіць свет. Сапараўды, сучасны свет знаходзіцца ў духоўным летаргічным сне, і яго неабходна вывесці з гэтага стану. Таму, як кажа Папа Францішак, вера кансэкраваных асобаў павінна ззяць, як лямпа ў цемры, і весці тых, хто заблукаў, у порт фундаментальных хрысціянскіх каштоўнасцяў”.

Арцыбіскуп заклікаў законніц “ісці наперад з высока паднятымі галовамі” і адыгрываць “усё большую ролю ў евангелізацыі беларускага грамадства”.

Пасля Імшы адбылося дзяленне аплаткай.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.