Біскуп Юзаф Станеўскі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана маліўся за медперсанал і хворых абласнога шпіталя ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
07.01.2015 12:28 |
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі разам з капеланам абласнога шпіталя ў Гродне кс. Алегам Кудэркам маліўся за медперсанал і хворых шпіталя. У гаміліі падчас святой Імшы іерарх адзначыў: “Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана мы зноў чуем пытанне: “Дзе нованароджаны Кароль?” Тады жыхароў Ерузалема пыталіся мудрацы з Усходу. Сёння з падобным пытаннем звяртаецца чалавек, які шукае праўды і справядлівасці, супакою і любові - шукае сэнс жыцця”.
Іерарх звярнуў увагу, што “рознымі шляхамі можна дайсці да Езуса, розныя
сцежкі вядуць да Яго”: “Некаторыя - як пастухі - толькі зышлі з гары да
горада Бэтлеема, каб пакланіцца Езусу. Іншыя - як Тры Каралі - павінны
былі прайсці доўгі шлях, каб нарэшце сустрэцца з Езусам, пакланіцца
Дзіцяці і прапанаваць Яму свае дары”.
“У кожнага з нас ёсць моманты, калі мы не хочам ісці далей, калі падаем
ад стомленасці, калі прыходзіць спакуса вярнуцца назад ці, па меншай
меры, застацца ў тым месцы, дзе знаходзімся цяпер. Гэтым момантам можа
быць цяжкая хвароба, самотнасць або калецтва. У такія хвіліны давайце
паглядзім на доўгі шлях Мудрацоў, - заахвоціў біскуп. - Яны не стаміліся
ў дарозе, таму што шукалі поўню праўды, праўдзівую крыніцу мудрасці.
Сёння яны з’яўляюцца прыкладам для нас, каб мы паглыблялі нашую веру,
каб былі людзьмі надзеі і даверу, каб знайшлі ў Хрысце поўны сэнс і мэту
свайго жыцця”.
Біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім сабраным, каб
“не стаміліся ісці дарогай Пана, а сустрэўшы Яго і разпазнаўшы, прынялі ў
свае сэрцы і іншай дарогай і іншым чалавекам вярталіся дадому –
чалавекам, напоўненым любоўю і Божай ласкай, а таксама моцным здароўем”.
(AG) |