Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеці і моладзь з усяго дэканату сабраліся на калядную сустрэчу ў Радуні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.01.2015 10:38

7 студзеня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні прайшлі традыцыйныя калядкі. Святары, законныя сёстры, семінарысты і катэхеткі з розных парафій Радунскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі разам з дзецьмі і моладдзю сабраліся, каб праславіць Пана каляднымі спевамі.

Калядная сустрэча распачыналася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую праводзілі сёстры законныя і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія паходзяць з парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве.

Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, з гаміліяй да прысутных звярнуўся пробашч парафіі Адшукання Святога Крыжа кс. Юрый Барташэвіч. Святар разважаў аб Божай любові, якая праз нараджэнне Божага Сына пасялілася сярод людзей, і заахвоціў прыняць гэтую любоў у сваё сэрца і быць яе носьбітам у сучасным свеце.

Біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім прысутным за ўдзел у справе абвяшчэння радасці Евангелля, якая ў гэтыя святочныя дні аб’яўляецца свету праз «Маленькую Любоў», якую люляюць у яслях.

Іерарх запрасіў моладзь і надалей, на працягу ўсяго 2015 года, падаваць адважны прыклад жыцця Евангеллем, і пажадаў сабраным, каб Бог заўсёды быў у іх сэрцах.

Пасля Эўхарыстыі моладзь радуньскай парафіі, а таксама парафій у Начы і Доцішках прадставіла тэатралізаваныя пастаноўкі пра Божае Нараджэнне і рэакцыю сучаснага маладога пакалення на гэтую праўду. Спевам калядак прысутных узрушылі дзеці і моладзь парафій у Забалаці, Жырмунах, Воранаве, Канвалішках і Германішках, а таксама моладзевы хор з Беняконяў.

Пасля спеву калядак адбылося дзяленне аплаткай, у якім узялі ўдзел усе прысутныя і падчас якога асабліва дзеці не хавалі сваёй радасці. Чакаў сабраных і салодкі пачастунак.

Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на новы год і пажадаў моладзі выдатных дасягненняў у вучобе ў новай навучальнай чвэрці.

Кс. Юрый Марціновіч,
фота кс. Паўла Раманоўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.