11 студзеня, у свята Хросту Пана, у Гродне адбылася аплатковая сустрэча для студэнтаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Сустрэча пачалася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
“Хрост сягае вечнасці”
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч разважаў з нагоды свята Хросту Пана – аб’яўлення не толькі Божага Сына, але і ўсёй Святой Тройцы, – над сутнасцю сакрамэнту хросту і яго важнасцю ў жыцці кожнага хрысціяніна.
“Кожны з нас пасля святога хросту стаў умілаваным сынам Бога, сапраўдным дзіцём нябеснага Айца. Да кожнага з нас у хвіліну хросту Бог скіраваў з любоўю тыя самыя словы, што і да Хрыста”, - адзначыў іерарх.
“Як сваім бацькам мы ўдзячны фізічным жыццём, так у хвіліну хросту Бог заклаў у нас пачаткі жыцця звышнатуральнага, духоўнага, што мы называем ласкай асвячэння, – дадаў гродзенскі ардынарый. – Гэтае незвычайнае адорванне чалавека Божай ласкай у сакрамэнце хросту – аднаразовая падзея, але яе вынікі датычаць усяго жыцця і сягаюць вечнасці”.
Па словах біскупа, хрост адкрывае шлях да прыняцця іншых сакрамэнтаў, становіцца своеасаблівым фундаментам, на якім хрысціянін будуе жыццё з Богам да поўнага з’яднання з Ім у вечнасці.
Звяртаючыся да студэнтаў катэхетычных курсаў, іерарх заўважыў, што яны рыхтуюцца да ганаровага, але ў той жа час і нялёгкага задання перадачы веры дзецям і моладзі. “Ад вашых ведаў і кампетэнтнасці, стараннасці, а яшчэ больш ад асабістага сведчання веры, у вялікай меры залежыць, ці прынясе сакрамэнт хросту плёны ў жыцці вашых вучняў і выхаванцаў, ці ацэняць яны гэты Божы дар, ці захочуць і змогуць даць Богу належны адказ”, - сказаў біскуп.
“Свету патрэбна любоў”
Пасля Імшы ў будынку гродзенскай курыі адбылося дзяленне аплаткай. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў катэхетычных курсаў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу выказаў дырэктар курсаў кс. доктар Андрэй Шчупал CSsR.
Удзельнікі сустрэчы, у сваю чаргу, выказалі падзяку за клопат і велізарны ўклад у развіццё веры свецкіх, якія рыхтуюцца да служэння ў Касцёле ў якасці катэхетаў, усім выкладчыкам, а асабліва дырэктару курсаў.
Таксама студэнты падрыхтавалі прадстаўленне на тэму Божага Нараджэння пад назвай “Бэтлеем сярод нас”, рэжысёрам і аўтарам якога стала студэнтка другога курса Аліна Жылінская, што ўклала шмат працы ў яго падрыхтоўку і ў стварэнне батлейкі. “Свету патрэбна любоў”, - такой была галоўная думка прадстаўлення.
Kатэхетычныя курcы пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі існуюць 25 гадоў. На працягу гэтага часу яны выпусцілі вялікую колькасць свецкіх катэхетаў, якія вядуць заняткі рэлігіі для дзяцей і моладзі ў парафіях ва ўсёй Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч
|