Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Зразумець Божую любоў»: каляда ад маленькіх парафіянаў са Смаргоні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.01.2015 12:39

Святочнае калядаванне дзяцей з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) упершыню было прадстаўлена 28 снежня ў моладзевым цэнтры парафіі. Маленькія акцёры выступілі перад бацькамі і парафіянамі.

3 студзеня дзяцей запрасілі ў вайсковую частку № 2044 горада. Артыстаў у знак удзячнасці за выступленне пачаставалі сапраўдным салдацкім чаем з прысмакамі, а таксама паказалі гасцям выступленне сабак кіналагічнай службы. Ксёндз Станіслаў Краўчанка SDB падзякаваў вайскоўцам за шчыры настрой і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

4 студзеня калядоўшчыкі вырушылі ў Жупраны ў парафію Свв. апосталаў Пятра і Паўла, дзе паказалі каляднае выступленне мясцовым парафіянам. Пробашч парафіі кс. Казімір Мурава SDB заахвоціў дзяцей і надалей падаваць адважны прыклад жыцця Евангеллем і пасля выступлення калядоўшчыкаў пачаставаў іх салодкімі прысмакамі.


11 студзеня дзеці выступілі ў парафіяльным моладзевым цэнтры. Падрыхтаванае імі выступленне з каляднымі спевамі, беларускімі танцамі, жартамі, загадкамі і прыпеўкамі было прадстаўлена дзецям з абмежаванымі магчымасцямі.

Малыя калядоўшчыкі нагадалі пра славянскую традыцыю старажытных калядаванняў, ператварыўшы іх ва ўсхваленне нованароджанага Хрыста і надаўшы ім больш рэлігійны характар.

«Няхай радасць Нараджэння Збаўцы напаўняе нашыя сэрцы, каб мы маглі больш зразумець Божую любоў і дзяліцца ёю з нашымі блізкімі, суседзямі, каб нашыя твары былі люстэркам Божай надзеі, радасці і супакою», — пажадала сваім выхаванцам с. Вераніка Блізнюк FMA, якая рыхтавала маленькіх парафіянаў да выступлення.


Як у саміх калядоўшчыкаў, так і ў гледачоў было шмат уражанняў. Пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Алег Жураўскі SDB, які на працягу ўсіх выступленняў падтрымліваў малых калядоўшчыкаў, таксама падрыхтаваў для іх багаты салодкі пачастунак.

Наперадзе малых «смаргонскіх тэатралаў» чакае яшчэ адно выступленне — у смаргонскай гімназіі.

Сняжана Атрошка
фота Сняжаны Атрошка і кс. Станіслава Краўчанкі SDB

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.