Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у Беняконях — брама сакрамэнтаў з 1634 г.: біскуп Юзаф Станеўскі наведаў Беняконі ў свята Хросту Пана
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.01.2015 14:30

11 студзеня, у свята Хросту Пана, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі разам з парафіянамі касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях дзякаваў за атрыманае праз ласку хросту Божае сыноўства.

Біскуп Юзаф Станеўскі добра знаёмы вернікам беняконскай парафіі, дзе нярэдка бывае на святой Імшы ў нядзелю ці іншы дзень, а таксама на катэхезе, наведваючы пробашча кс. Станіслава Лабана, з якім іерарха звязваюць, пачынаючы з 1990 г., семінарыйныя гады, а затым святарскае служэнне.

Біскуп адзначыў, што, бываючы ў Беняконях на працягу гэтага часу, пабачыў веру мясцовых католікаў, іх вернае захаванне хрысціянскіх традыцый і звычаяў. Па словах іерарха, свята Хросту Пана было абрана для супольнай малітвы не выпадкова, бо ён пажадаў разам з парафіянамі адчуць «жывое паветра веры» пры хрысцільні парафіяльнага касцёла, адкуль распачалі жыццё верай дзясяткі тысяч чалавек, пачынаючы з 1634 г.

Перафразуючы словы св. Яна Паўла ІІ, які, наведваючы родныя Вадавіцы, сказаў, што «тут усё пачалося», біскуп заахвоціў парафіян часта вяртацца ў памяці да гэтага месца, дзе пачалося жыццё верай, навука, праца і вернае трыванне ў сужэнскай любові.

Кажучы пра сакрамэнт хросту, іерарх заклікаў удзельнікаў Імшы імкнуцца «нанова праходзіць праз Божыя сакрамэнты», каб тым самым спаткаць Пана, які дае сілы ў сакрамэнце Эўхарыстыі, пахіляецца над чалавекам у намашчэнні хворых, благаслаўляе любоў мужчыны і жанчыны ў сакрамэнце шлюбу, умацоўвае моладзь падчас канфірмацыі, прабачае ў сакрамэнце пакаяння, намашчае незнішчальным знакам у сакрамэнце святарства (варта ў сувязі з гэтым адзначыць, што ў той час, як пробашчам у Беняконях з’яўляецца кс. Станіслаў Лабан, у парафіі адбыліся тры прыміцыйныя Імшы святароў, якія паходзяць адтуль: кс. Юрыя Барташэвіча, кс. Аляксандра Лебядзевіча і кс. Юрыя Ясевіча).

Іерарх заахвоціў маладых сужэнцаў і ўсіх вернікаў надаваць падчас хросту сваім дзецям імёны святых і благаслаўлёных нашай зямлі, каб гэтым забяспечыць дзецям святога апекуна, які будзе заступнікам перад Богам і прыкладам таго, як ісці за Панам у сучасным свеце.

Звяртаючыся да хросных, біскуп нагадаў пра іх абавязак дапамогі бацькам у выхаванні маладога пакалення ў веры Касцёла, дадаўшы, што найбольш паспяхова гэта можна зрабіць праз прыклад жыцця паводле евангельскіх парадаў.

«Як Майсей дакрануўся да скалы, каб адтуль выцекла вада для жыцця, так і ты, брат і сястра, нанова дакраніся сёння да парафіяльнай хрысцільні, каб на цябе сышла Божая ласка, якая паспрыяе ўзрастанню веры», — заахвоціў біскуп Юзаф Станеўскі.

(JM)

Фота з парафіяльнага архіва

 

 

 

 

 

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.