Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі наведаў з душпастырскім візітам вернікаў Лідчыны
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.01.2015 13:35

18 студзеня завяршыўся душпастырскі візіт дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Душпастырскі візіт іерарха ў лідскай парафіі праходзіў з 16 па 18 студзеня. На адмысловую «каляду» біскупа запрасіў пробашч парафіі кс. Уладзімір Гуляй.

Як падзяліліся ўражаннямі парафіяне, гэты візіт стаў для іх сюрпрызам і выклікаў вялікае здзіўленне. Каб памаліцца разам з біскупам і атрымаць благаслаўленне, вернікі збіраліся найбліжэйшай сям’ёй.

Дзеці дзівіліся, калі біскуп чытаў для іх вершы са школьнай праграмы па беларускай і рускай літаратурах.

З нагоды біскупскіх калядных візітаў у іерарха запыталіся, чаму ён пайшоў з каляднымі візітамі і чаму менавіта ў Лідзе (сёлетні новы год гродзенскі ардынарый таксама сустракаў з лідскімі вернікамі), на што біскуп адказаў:

«Мінае год з таго дня, як Папа Францішак прызначыў у Беларусі трох новых біскупаў. 1 лютага я прыняў біскупскае пасвячэнне. Аднак, прымаючы сакру, я не прымаў яе толькі для сябе, але каб быць бліжэй да людзей. У гаміліях мы часта паўтараем, што Бог патрабуе рук кожнага з нас, каб благаслаўляць, вуснаў, каб навучаць, і сэрца, каб любіць.

Чаму Ліда? Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, вернікі Ліды пабудавалі 4 новыя касцёлы, дынаміка і вернасць Касцёлу і Святому Айцу вернікаў лідскай зямлі здзіўляе ўсіх. Таму я і хацеў на пачатку сваёй біскупскай паслугі зачарпнуць той глыбіні і моцы веры нашага народа, прыгледзецца да нашага хатняга Касцёла.

Я прыехаў у Ліду, каб быць з вернікамі, іх благаслаўляць, каб весці. Менавіта гэтага ад нас чакае і да гэтага заахвочвае Папа Францішак. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы выказаць словы падзякі пробашчу парафіі кс. Уладзіміру Гуляю і кансэкраваным асобам, якія тут працуюць, за абвяшчэнне Божага слова, за адвагу і працяг паспяховай працы папярэднікаў».

Біскуп пажадаў католікам Лідчыны быць вернымі Крыжу і Евангеллю, у якім іх бацькі пражывалі прыгажосць свята, дзякуючы Божай ласцы і перамагаючы ўсе цяжкасці і неспакой.

«У 1968 годзе Луіс Армтронг спяваў «What a Wonderful World» — песня пра цудоўны свет, створаны Богам і перададзены нам у валоданне. Жадаю, каб сваім прыкладам і стараннем вы штодзённа рабілі свет больш чалавечым і Божым», - дадаў іерарх.

Кс. Юрый Марціновіч,
Фота Дзяніса Бразінскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.