20 студзеня — 50-ая гадавіна смерці кс. Юзафа Навасадкі — пробашча парафіі ў Сапоцкіне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
20.01.2015 16:50 |
20 студзеня прыпадае 50-ая гадавіна смерці пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне) — кс. Юзафа Навасадкі. Гэты святар у вялікай ступені прычыніўся да аднаўлення мясцовай святыні, якая перажыла розныя трагічныя моманты. Ксёндз Юзаф Навасадка нарадзіўся 20 мая 1882 года ў вёсцы Тартак каля Сувалкаў (Польшча). Скончыў гімназію ў Сувалках, духоўную семінарыю ў Сейнах. 12 лістапада 1905 года ён прыняў сакрамант святарства і быў прызначаны вікарыем парафіі ў Мясткове. З 1906 года працаваў у Люботыні, з 1908 года — у Высокім Мазавецкім, з 1910 года — у Дамброве Велькай. Пасля служыў у Ломжы і Паджылінах. На тэрыторыі Беларусі святар нёс душпастырскае служэнне ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах. З 1939 года святар шмат сіл ахвяраваў на парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне, дзе ён аднаўляў знішчаную святыню.
Святыня ў Тэаліне перажыла шмат цяжкасцяў. У 1890-1916 гг. касцёл быў зачынены царом Мікалаем І, стаў уласнасцю праваслаўных манахінь. У 1939 годзе касцёльныя вежы і галоўны алтар з абразом Божай Маці Вастрабрамскай пашкодзілі савецкія жаўнеры, а ў 1941 касцёльныя вежы былі цалкам знішчаны нямецкімі акупантамі, у 1944 годзе быў спалены дах. З 1965 года, пасля смерці кс. Юзафа Навасадкі, які адрамантаваў святыню пасля ваенных знішчэнняў, парафія засталася без святара, а людзі самі баранілі веру і касцёл. Кс. Юрый Марціновіч
|