24 студзеня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. У малітве, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў.
Праваслаўную Царкву прэзентаваў прадстаўнік епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія протаіерэй Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі ў Гродне, Грэка-Каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот.
У набажэнстве ўдзельнічалі навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Таксама на малітве аб тым, каб усе станавіліся адным, прысутнічалі шматлікія вернікі з усяго горада.
На пачатку біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы, адзначыўшы за Папам Францішкам, што ўсе хрысціяне “з’яўляюцца братамі ў надзеі”. “Сёння мы, сабраныя на малітве да Пана, дзякуем і паўтараем: якая ж ласка Божая і адказнасць спачывае на нас, прадстаўніках хрысціянскіх Цэркваў - мець магчымасць разам маліцца і трымацца надзеі”, - дадаў іерарх.
Набажэнства складалася з дзвюх частак: літургіі слова і літургіі святла. Падчас літургіі слова да вернікаў з кароткай прамовай звярнуліся прысутныя прадстаўнікі розных канфесій.
Любоў – гарантыя ўзаемаразумення
Айцец Аляксандр Хомбак з Праваслаўнай Царквы адзначыў: “Наш грахоўны стан выяўляецца сярод іншага ў тым, што мы развучыліся размаўляць адзін з адным, і часта наша размова аказваецца цалкам бязмэтаваў, бясплоднай, не служыць ні ўзаемнаму абагачэнню, ні прабуджэнню думак; яна пустая, часта павярхоўная, беспрадметная, словы пазбаўлены сілы, сэнсу і выразнасці”.
Святар дадаў, што вельмі часта мы гаворым, але “наша слова не здольнае нікога захапіць”; “мы гаворым, але наша мова прэсная, без смаку, яна нікога не сілкуе”. Як падкрэсліў а. Аляксандр Хомбак, вельмі часта словы чалавека не змяняюць вакол іншых людзей.
Аднак, заўважыў святар, зусім іншае слова Божае, якое змяняе сэрцы людзей, “ловіць іх душы”. На прыкладзе размовы Езуса з самаранкай прадстаўнік Праваслаўнай Царквы адзначыў, што гэта “ўрок таго, як, на якіх падставах і пры якіх умовах можа будавацца размова чалавека з чалавекам далёкім часта ад сваёй рэлігійнай традыцыі”. Па словах святара, толькі дзякуючы любові да свайго субяседніка можна разлічваць на ўзаемаразуменне.
Дабром спрыяць хрысціянскаму адзінству
Айцец Андрэй Крот з Грэка-Каталіцкай Царквы адзначыў, што, “калі мы будзем у нашых адносінах думаць толькі пра тое, што мы правы, толькі пра тое, як бы сябе абараніць, то, канешне, можам пагоршыць сітуацыю, нарабіць шмат зла”.
Па словах святара, калі “да кожнага нашага брата і сястры, незалежна ад яго веравызнання, незалежна ад таго, веруючы ён ці няверуючы, мы будзем ставіцца з пашанаю, з любоўю, паказваць яму наша хрысціянскае жыццё, веру ў прываблівым святле, то тады зробім найбольш дабра, будзем спрыяць нашаму хрысціянскаму адзінству”. “Тады іншыя, гледзячы на нас, будуць бачыць, што нашае сведчанне сапраўднае, што яно вядзе да дабра, да міру, супакою, да еднасці паміж людзьмі”, - дадаў прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы.
Святар заклікаў прысутных: “Давайце памятаць пра тое, каб у нашай праўдзе, у нашай веры, да якой мы прыйшлі ў нашым пазнанні Езуса Хрыста, не быць пыхлівымі, не быць ганарлівымі, але быць пакорнымі і ставіцца адзін да аднаго з любоўю”.
Святы Дух заклікае жыць разнастайнасцю ў еднасці
Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім слове адзначыў: “Толькі Святы Дух можа паспрыяць еднасці. Аднак, калі ад нас зыходзіць жаданне пабудаваць еднасць паводле чалавечых мерак, у выніку мы прыносім аднастайнасць і стандартызацыю. Калі ж мы дазваляем весці сябе Святому Духу, тое багацце, адрозненне і разнастайнасць ніколі не ператворацца ў канфлікт, таму што Святы Дух заклікае нас жыць разнастайнасцю ў еднасці”.
Па словах іерарха, “вучань Хрыста, верны Святому Духу, пазбягае спакусы глядзець на самога сябе”. “Мы, хрысціяне, становімся сапраўднымі вучнямі, здольнымі дакрануцца да чалавечага сумлення, калі адмаўляемся ад абарончага стылю на карысць кіравання Святым Духам. Бо Святы Дух — гэта свежасць, імправізацыя, навізна - кажа Папа Францішак”, - нагадаў біскуп.
«Варожасць і абыякавасць», якія спарадзілі на працягу стагоддзяў глыбокія раны ў хрысціян розных Цэркваў, «ужо ў мінулым», сцвярджае Папа Францішак, - дадаў біскуп. - Папа таксама падкрэсліў, што «сёння хрысціяне разам працуюць на служэнні чалавецтву, што церпіць і жыве ў нястачы, абараняючы чалавечае жыццё і яго неад’емную годнасць, абараняючы навакольнае асяроддзе і змагаючыся супраць несправядлівасці», здзяйсняючы «сапраўдны духоўны экуменізм»”.
Іерарх звярнуў увагу, што Святы Айцец “таксама заклікае цаніць «экуменізм крыві», які меў месца на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў і не спыняецца па сённяшні дзень”. “Гэтыя сведчанні — па словах Святога Айца — «мы павінны з верай сабраць і дазволіць іх моцы наставіць нас на шлях больш поўнага братэрства»”, - падкрэсліў біскуп.
Падчас літургіі святла прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхала сімвалічныя свечкі, святло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства. Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, - сімвал полымя, промні якога асвячаюць увесь свет. Таксама прысутныя прамовілі малітву: “Хай нас асвячае Тваё святло і насычае вада Тваёй ласкі”. Пасля ўдзельнікі набажэнства прамовілі вызнанне апостальскага Сімвала веры і перадалі адзін аднаму знак супакою.
На заканчэнне набажэнства біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім за ўдзел і заахвоціў да далейшай малітвы аб еднасці хрысціян і міры ў свеце і сем’ях. Іерарх заклікаў даваць добры прыклад праз канкрэтныя ўчынкі, каб гэтым рэалізаваць жаданне Хрыста: каб усе былі адно. “Каб у нашых сем’ях, у нашым прыгожым горадзе Гродна, у нашых супольнасцях мы жылі ў згодзе і любові і каб заўсёды ўмелі прасіць прабачэння і прабачаць”, - дадаў біскуп.
Усе хрысціяне пакліканы піць з адной студні Божай ласкі і на ўзор самаранкі прасіць Езуса: “Пане, дай нам вады, каб не мелі больш прагі!” Таму хочацца пажадаць, каб Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян і гэтая сустрэча паспрыялі еднасці, да якой кожнага чалавека заклікае Езус Хрыстус.
Кс. Юрый Марціновіч
|