25 студзеня вечаровую Імшу ў парафіяльным касцёле Апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Напярэдадні іерарх прысутнічаў на фестывалi калядак Іўеўскага дэканата «Gloria in Excelsis Deo», які ўжо ў дванаццаты раз прайшоў у гарадскім Доме культуры.
Па запрашэнні пробашча кс. дэкана Яна Гавэцкага іерарх упершыню наведаў іўеўскую парафію. На пачатку Імшы пробашч парафіі заахвоціў прысутных у святыні да малітвы ў інтэнцыі біскупа, які ў гэты дзень перажываў гадавіну з дня прыняцця біскупскіх пасвячэнняў.Падчас Імшы ў сваёй гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на тэму «Божага Валадарства» і навяртання. «Бог прапануе чалавеку Божае Валадарства, аднак ад чалавека залежыць, ці прымаць яго, ці не, бо Бог шануе нашу свабоду і наш выбар», — адзначыў іерарх.
Біскуп Юрый Касабуцкі падчас гаміліі прапанаваў кожнаму спытаць у самога сябе: «Наколькі блізка ці далёка я знаходжуся ад Божага Валадарства, ці я маю любоў, да якой заахвочвае Езус Хрыстус, ці я імкнуся да Божага Валадарства, ці разумею, які вялікі дар даў мне любячы Айцец?». Таксама ён пажадаў, каб гэтае пытанне кожны задаваў сабе як найчасцей і каб голас, які гучыць у Старым Запавеце: «Навяртайцеся!», гучаў і ў нашым сэрцы, і яшчэ жадаю, каб усе мы калісьці сустрэліся ў Нябесным Валадарстве».
Напрыканцы святой Імшы парафіяне скіравалі свае віншаванні біскупу Юрыю Касабуцкаму з нагоды яго біскупскай сакры і падзякавалі за прыезд у іх парафіяльную супольнасць.
Кс. Юрый Марціновіч, (AYU)
|