25 студзеня ў свята навяртання св. Апостала Паўла дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў парафіі новых мікрараёнаў Гродна — Альшанцы і Фабрычным.
Імша з удзелам біскупа сабрала шмат вернікаў, большасць з іх склалі маладыя сем’і, якія прыйшлі на набажэнства разам з дзецьмі. Звяртаючыся да прысутных з гаміліяй, асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на каштоўнасць і неабходнасць малітвы.
Біскуп Юзаф Станеўскі таксама заклікаў да адкрыцця прыгажосці малітвы і падкрэсліў, што час, прысвечаны штодзённай жывой размове з Богам — не страчаны, а час ласкі.
— Заахвочваю маладыя сем’і будаваць жыццё на фундаменце веры ў Бога, маліцца самім і сваім прыкладам вучыць маліцца іншых, а таксама прывіваць дух і практыку малітвы дзецям, — адзначыў іерарх. – Варта знайсці некалькі хвілін у дзень, каб прысвяціць іх Богу. Трэба моцна трымацца веры, каб адчуваць Божую прысутнасць, Яго любоў і міласэрнасць.
Біскуп звярнуў увагу і на тое, што маладыя сем’і, якія ўжо маюць свае «чатыры сцяны», павінна клапаціцца не толькі пра матэрыяльныя рэчы (мэблю, рамонт і інш.), але і не забывацца пра знакі рэлігійнай прыналежнасці (крыж, абразы), запрасіць Бога ў сваю сям’ю і свой дом.
Напрыканцы Імшы біскуп Юзаф Станеўскі асвяціў фігурку Маці Божай, якую будуць прымаць у сваіх дамах дзеці, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі. Таксама іерарх благаславіў вернікаў і раздаў наймалодшым абразкі з выявамі святых.
Падрыхтавала Гражына Шалкевіч grodnensis.by
|