Вечар, прысвечаны спеву калядак і пастаралак, адбыўся 31 студзеня ў Доме культуры ў Сапоцкіне (Гродзенская дыяцэзія). Гэтае свята, якое прайшло ў 14-ы раз, збірае вернікаў з усіх парафій дэканата, каб яны маглі быць разам і ўдзельнічаць у святочных традыцыях: дзяленні аплаткай, выказванні пажаданняў адзін аднаму і спеве калядак.
На супольны спеў калядак у дэканальную сям’ю прыбылі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны консул Рэспублікі Польшча Андрэй Хадкевіч, госці з Гродна, Ліды і Радуня.
Супольны спеў калядак у Сароцкіне праходзіць з мэтай падтрымкі братэрскіх сувязяў. У гэтым, як адзначыў, вітаючы прысутных, арганізатар кс. Антоні Абухоўскі, пробашч сапоцкінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, важна проста «быць разам, каб яшчэ раз перажыць радасць святаў Божага Нараджэння». Такім чынам ствараецца атмасфера сямейнай цеплыні, калі сабраныя дзеляцца любоўю і радасцю з усімі.
Усе роўныя
Спеў калядак у Сапоцкіне паказвае, што спяваць можа кожны. Тут няма месца для суперніцтва, ніхто не клапоціцца аб тым, каб якімсьці чынам заваяваць сэрцы гледачоў і журы, здабыць адно з першых месцаў у конкурсе: усе роўныя, кожны ўдзельнік атрымлівае апладысменты і выразы ўдзячнасці, а ад арганізатараў – такую ж самую колькасць салодкіх пачастункаў.
Спевы калядак і пастаралак прэзентавалі дзеці, моладзь і дарослыя. На сцэну выходзілі цэлымі сем’ямі. Спецыяльна на мерапрыемства прыбылі таксама супольнасці з Гродна, сярод якіх «Misterium» з парафіі Маці Божай Анёльскай, «Liberamente» з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Маладыя артысты разам са сваімі душпастырамі прыбылі і з аддаленых месцаў: хор «Barka» з лідскай парафіі Святой Сям’і і група дзяцей з радунскай парафіі Маці Божай Ружанцовай.
Парафіяльны хор з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы дадаў прыгажосці мерапрыемству.
Ужо традыцыйна aсаблівую ўвагу прыцягвае выступленне дзіцяча-моладзевага гурта «Laudate Dominum» з Сапоцкіна. Дзякуючы рэпетыцыям, аб якіх клапоціцца сястрa Эўхарыя, гурт і ў гэтым годзе парадаваў сваёй арыгінальнасцю і творчым падыходам.
Стварыць адпаведную атмасферу
На заканчэнне супольнага спеву калядак да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гродзенскі ардынарый падкрэсліў важнасць такіх сустрэч, якія «ствараюць адпаведную атмасферу ў сям’і, супольнасці, асяроддзі». Іерарх адзначыў, што традыцыя ў нашым народзе так моцна ўкаранёна, што калядкі ў дамах і святынях спяваюцца вельмі доўгі час. «Гэтая цудоўная сустрэча нас узбагаціла і дадала нам духу, мы сталі духоўна больш моцнымі», — сказаў біскуп.
Карыстаючыся нагодай, іерарх падзякаваў тым, хто заснаваў сустрэчы са спевам калядак у Сапоцкіне і хто працягвае гэтую справу. Таксама біскуп падзякаваў святарам і законніцам, якія служаць у парафіі, за вялікі ўклад, які яны ўносяць у фармаванне маладога пакалення, і пажадаў, каб гэты супольны спеў развіваўся далей і ўзбагачаў супольнасці і сем’і нашай краіны.
Вечар калядак і пастаралак у Сапоцкіне пакінуў ва ўдзельнікаў добрыя ўспаміны і радасць ад супольна праведзенага часу. Гэтыя сустрэчы спрыяюць таму, каб дзеці і моладзь бачылі традыцыі, важнасць іх захавання і працягу, а старэйшае пакаленне вернікаў адчувала спакой на сумленні ад таго, што выканала свой абавязак і перадала маладым традыцыю, а з ёй – веру і культуру. У гэты вечар кожны прысутны мог адчуць сябе як дома, сярод блізкіх.
Кс. Юрый Марціновіч Фота аўтара
|