Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Цяпер ведаю, што прыносіць супакой у сэрца»: «Дні цішыні» для дзяўчат прайшлі ў Гудагаі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.02.2015 16:07

З 23 па 25 студзеня ў кляштары сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езуса ў Гудагаі праходзілі «Дні цішыні» для дзяўчат. На працягу двух дзён дзяўчаты разважалі над Божай прысутнасцю ў жыцці і паглыблялі сваю ўнутраную малітву.

Пасля заканчэння духоўных разважанняў іх удзельніцы падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Яна Казлоўская з нарачанскай парафіі Св. Андрэя, Апостала, адзначае, што рэкалекцыі дапамаглі ёй пачуць голас Бога: «Праведзеныя на рэкалекцыях канферэнцыі прымусілі мяне задумацца над многімі праблемамі і ўнутры сябе іх вырашыць. Сустрэча дапамагла мне пачуць голас Бога ў сваёй душы і зразумець, куды ісці далей і што рабіць».

З гэтым згодная і мінчанка Яна Бабушкіна. Яўгенія Раткевіч з Астраўца прызнаецца, што Гудагай ужо стаў для яе родным: «Гэта несамавітае месца, дзе мне лягчэй дыхаецца i лягчэй молiцца! Хвала Пану за ўсе ласкi, якiя Ён удзяляе мне ў гэтым месцы. Кожны раз, калi сюды прыязджаю, сустракаю Пана ў Яго слове i дзеяннях, у вачах блiжнiх, iх усмешках… Гудагай — гэта адна з найпрыгажэйшых крынiц Божай ласкi i любовi».

Жыхарка Гудагая, парафіянка гудагайскага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі Вольга Шафран дадае, што, дзякуючы канферэнцыям, яна зразумела сілу ўнутранай малітвы.

«Цяпер я ведаю, што прыносіць мне супакой у мае сэрца. Дзякуючы канферэнцыям я даведалася, чым з’яўляецца ўнутраная малітва, і зразумела, што ў ёй ёсць вялікая сіла. Была вельмі добрая ідэя з выхадам на прыроду, бо, асягаючы вялікія прасторы, разумееш веліч Бога і прыгажосць усяго створанага Ім. Асабліва запомніліся адарацыі, якія суправаджаліся разважаннямі над Божым словам і спевам пад гітару. У такія хвіліны разумееш, што прысутнічаеш на сапраўднай сустрэчы з Езусам».

Яшчэ адна ўдзельніца «Дзён цішыні» мінчанка Катэрына Ясінская свае думкі знітавала ў верш:

Адзінства, радасць, супакой.
Вакол пустынна просценькі пакой...

Пакінуўшы на мелі човен,
паплыў рыбак у глыб, на волю...

То ціхі вецер, краявіды…
Плыве рыбак, што мае сілы.

То бура раптам, дрыгаценне…
Рыбак апошняе адзенне

З сябе зрывае, з моцай б'ецца,
А бура ўсе не суняецца...

Падрыхтавала Яўгенія Раткевіч
Фота Вольгі Шафран
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.