Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята Дона Боско адзначылі салезіянскія супольнасці Беларусі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.02.2015 11:38

1 лютага ў Смаргоні на свята св. Яна Боско сабраліся праўстаўнікі салезіянскай супольнасці з усёй Беларусі. Святы Ян Боско — заснавальнік і духоўны айцец салезіянскай сям’і.

2015 год — юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння салезіянскага святога. Адметнасцю ўсіх галоўных салезіянскіх святаў сёлета стане супольная малітва і сустрэча салезіянскіх супольнасцяў з усёй Беларусі.

На кожнае свята вызначана адпаведная супольнасць, куды будуць з’язджацца ўсе салезіянскія супольнасці краіны. Гэтым разам удзельнікаў свята прымала супольнасць са Смаргоні. Больш за 500 гасцей з Мінска, Дзятлава, Бараўлянаў, Смаргоні і іншых мясцін Беларусі — святары, манахіні, салезіяне супрацоўнікі, аніматары, дарослыя, моладзь і дзеці — усе, хто любіць ксяндза Боско і жыве яго харызмай, маліліся разам, дзякуючы Богу за дар гэтага святога.

 

Адметнасцю свята стала таксама прыняцце трох маладых людзей у Асацыяцыю салезіянаў супрацоўнікаў — трэцюю галіну Салезіянскай сям’і. Яе заснаваў калісьці сам ксёндз Боско, добра ўсведамляючы, што адзін ён мала што зможа зрабіць, яму патрэбныя супрацоўнікі, якія маглі б дапамагчы яму ў працы з моладдзю і пасля яго смерці працягнуць распачатую працу і распаўсюдзіць салезіянскую харызму па-за межамі араторыяў. Гэтым разам салезіянамі супрацоўнікамі сталі Уладзіслаў Зарэцкі, Аляксандр і Таццяна Перадковы.


Святую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Гайдукевіч SDB. У гаміліі святар падкрэсліў, што гэтае свята — «добрая магчымасць вярнуцца да важных момантаў з жыцця кс. Боско і наноў прачытаць іх у святле падзей, якія адбываюцца ў Салезіянскай сям’і Беларусі».

Ксёндз Віктар Гайдукевіч заклікаў сабраных, асаблівым чынам падчас юбілейнага года, больш глыбока пазнаваць душпастырска-выхаваўчую спадчыну святога Яна Боско і рэалізоўваць яе ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, каб дапамагчы маладым людзям збавіцца, і нагадаў, што «“розум, рэлігія, любоў” — галоўныя элементы выхаваўчай сістэмы ксяндза Боско».

Пасля Імшы адбыўся святочны канцэрт, які падрыхтавала моладзь з усіх салезіянскіх араторыяў. Напрыканцы свята каштоўнымі прызамі былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу «БоскАрт». Салезіяне супрацоўнікі падарылі чатыром араторыям зробленую ўласнымі рукамі настольную гульню, сэнсам якой з’яўляецца дасягненне святасці і больш цеснае знаёмства са святым Янам Боско – айцом і настаўнікам моладзі.

Паводле sdb.by, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.