3 лютага ў Гродне адбылася сустрэча законных сясцёр і айцоў, якія нясуць душпастыскую паслугу ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаўся 2 лютага.
Кансэкраваныя асобы розных супольнасцяў жывуць штодня рознымі харызматамі, кожная супольнасць мае свайго заснавальніка і сваю рэгулу, аднак усіх аб’ядноўвае агульная мэта — імкненне да святасці ў жыцці паводле евангельскіх радаў: паслухмянасці, чысціні і ўбоства. Таму Дзень кансэкраванага жыцця ў Гродзенскай дыяцэзіі, які адзначаецца якраз у год, прысвечаны асобам, якія жывуць паводле евангельскіх радаў, быў асаблівай нагодай, каб падзякаваць ім за ахвярнае служэнне. Шмат айцоў і сясцёр служаць у парафіях, праводзячы актыўную душпастырскую працу. Некаторыя згодна з харызматам сваіх заснавальнікаў служаць сярод тых, хто найбольш патрабуе.
Быць знакам Езуса Хрыста
Сустрэча кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі распачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім). Прысутныя спачатку паслухалі канферэнцыю, якую падрыхтаваў а. Антоній Пажэцкі OFMConv. Дакладчык адзначыў, што пайсці за Езусам і выйсці на дарогу паклікання з’яўляецца «адважным рашэннем і вялікай ласкай».
«Мы даверыліся Езусу і крочым у невядомы свет, ідучы на рызыку ў нашым жыцці. Штодзённа мы адкрываем штосьці новае, бо яно з’яўляецца прыгажосцю кожнага паклікання, бо чалавек адкрыты на Бога, на ўсё, што Пан Бог нам дае», — адзначыў святар. 
«Як кансэкраваныя асобы мы падобныя да старога Сімяона і прарочыцы Ганны, якія чакалі прыйсця Місіі. Мы павінны кожны дзень адкрываць Збаўцу і гаварыць пра Яго, указваць на Езуса Хрыста, прысутнага ў свеце», — дадаў а. Антоній Пажэцкі.
Кажучы пра найважнейшае заданне кансэкраваных асобаў у сучасным свеце, святар адзначыў, што яно ў тым, каб «быць знакам, які прамаўляе пра жывога і сапраўднага Бога, якога кожны чалавек можа сустрэць у сваім жыцці». «Прабыванне сярод іншых людзей, спецыяльнае адзенне, адрачэнні, годная пастава» — гэта ўсё, паводле а. Антонія Пажэцкага, павінна пабуджаць людзей да развагі і пераканання, што Бог сапраўды існуе.
Святар таксама перасцерагаў, каб у штодзённым законным жыцці «мы не імкнуліся ісці лёгкім шляхам, ад якога страціцца смак кансэкраванага жыцця і мы перастанем быць знакам Езуса Хрыста».
«Будзьма праўдзівай рэкламай Езуса Хрыста, жывога і прысутнага ў сённяшнім свеце, каб чалавек паглядзеў на нас і мог адчуць Божую моц», — дадаў айцец Антоній Пажэцкі.

Быць верным да канца
Кансэкраваныя асобы маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Самым важным пунктам праграмы сустрэчы была Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У Імшы прынялі ўдзел таксама вернікі горада, каб падтрымаць тых, хто ўказвае ім шлях да Хрыста.
«Мы збіраемся сёння на малітве, каб падзякаваць Пану Богу за дар паклікання ўсіх кансэкраваных асобаў у нашым гродзенскім Касцёле, за евангельскія рады, якімі яны жывуць і ўзбагачаюць Касцёл», — адзначыў на пачатку Імшы біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх заклікаў законных асобаў да падзякі Богу за дар паклікання, якое ў свеце з’яўляецца «святлом свету і соллю зямлі».
Гамілію прамовіў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, біскупскі вікарый па душпастырскіх справах, у сваім слове раскрыўшы для вернікаў тое, кім з’яўляецца кансэкраваная асоба і чым яна займаецца. Таксама святар нагадаў усім законным асобам пра найважнейшыя рэчы, пра якія яны не могуць забывацца.
«Езус нікога не прымушае, а дае толькі прапановы. Трэба добра распазнаць дарогу свайго паклікання», — адзначыў святар, дадаўшы таксама, што «няма дарогі без крыжа».
Кажучы пра евангельскія рады, якія кансэкраваныя асобы прынялі абавязак выконваць, святар сказаў: «Мы павінны ўвесь час памятаць пра тое, каб быць вернымі Пану Богу да канца. З Богам нельга жартаваць».
Кажучы пра законную паслухмянасць, святар заўважыў, што гэта значыць «забыцца пра сябе самога, а аддацца цалкам Божаму рашэнню».
«Калі ў нас ёсць любоў да Пана Бога і іншага чалавека, то будуць пераможаны ўсе спакусы. Трэба штодня жыць у любові Божай. Кожны чалавек незалежна ад паклікання прызначаны, каб даваць выразнае сведчанне: любіць Бога ўсім сэрцам», — сказаў кс. Здзіслаў Вэдэр.
«Мы пакліканы да таго, каб сваім жыццём і дзейнасцю даваць сведчанне нашай любові і прыгажосці хрысціянскага жыцця, кансэкраванага жыцця», — дадаў святар.
Падчас святой Імшы ўсе прысутныя кансэкраваныя асобы аднавілі свае шлюбы і законныя прысягі. Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім, хто жыве штодзень евангельскімі радамі, за вялікую місійную справу, якую яны здзяйсняюць для Касцёла на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі. Іерарх выказаў падзяку сабраным за малітву, працу і за тое, што яны сваёй асобай абвяшчаюць Евангелле Хрыста. «Няхай праз ваш дотык чалавек зможа адчуць дакрананне Бога», — дадаў біскуп.
Кс. Юрый Марціновіч
|