Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ў Сусветны дзень хворых наведаў бальніцу ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2015 18:08

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, усталяваны Папам Янам Паўлам ІІ на 11 лютага, наведаў Цэнтральную раённую бальніцу ў Лідзe.

У шпіталі біскуп сустрэўся з медыцынскім персаналам і пацыентамі, а таксама цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Маці Божай з Люрда на тэрыторыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы. Капліца была асвечана год таму, калі скончыліся будаўнічыя працы.

Падчас Імшы біскуп маліўся за ўсіх урачоў, медперсанал, фармацэўтаў, за ўсіх хворых людзей i за ўсе малітоўныя групы, якія існуюць пры гэтай капліцы.


У гаміліі іерарх звярнуў увагу на сімвалізм назвы, якую носіць капліца Маці Божай з Люрда. Люрд — месца аб’яўленняў Маці Божай. 11 лютага 1858 года каля пячоры Massabielle 14-гадовай Бернардэце Субіру аб’явілася Маці Божая, якая прадставілася: «Я — Беззаганнае Зачацце».

Сёння гэта месца, куды бесперапынна пілігрымуюць мільёны вернікаў, асабліва хворыя і церпячыя. Гаворачы пра капліцу ў лідскім шпіталі, іерарх адзначыў, што яна з’яўляецца «крыніцай сустрэчы чалавека з Богам».

Расказваючы пра цярпенне, якое забірае ў чалавека радасць, біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў усіх хворых, каб, нягледзячы ні на што, яны «не гублялі радасці і ніколі не падалі духам, але чэрпалі духоўныя сілы з сустрэчы з Богам».


Кажучы пра фармацэўтаў, іерарх адзначыў, што яны павінны даваць надзею хвораму і змагацца з пагаршэннем яго стану.

«На хворых людзях нельга зарабіць, таму лекі, якія прадаюцца, не павінны станавіцца крыніцай узбагачэння і нагодай для вялікага заробку і нажывы», — сказаў біскуп. Іерарх дадаў, што сучасны свет часта забываецца пра вартасць, якую мае час, праведзены ля ложка хворага.

Чалавека паглынае прага поспеху, навала абавязкаў, штодзённыя справы, і праз усё гэта ён забывае пра вартасці бескарыслівай апекі над бліжнімі. Біскуп звярнуў увагу, што задача чалавека — дапамагаць сваёй прысутнасцю несці крыж хворым і церпячым.

Капелан лідскай капліцы кс. Юрый Беганскі падзякаваў усім удзельнікам літургіі за малітоўную атмасферу, а біскупу Юзафу Станеўскаму — за супольную малітву і духоўны заклік маліцца за хворых і разам з хворымі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.