Біскуп Юзаф Станеўскі на Папялец у гродзенскай катэдры: «Пасыпанне попелам галавы — не прыніжэнне, а шанец для выпраўлення» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
19.02.2015 12:36 |
У літургіі прынялі ўдзел шматлікія вернікі, а таксама святары, кансэкраваныя асобы і навучэнцы Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. У гаміліі біскуп звярнуў асаблівую ўвагу на тры важныя элементы перажывання велікапоснага перыяду ў Касцёле — малітву, пост і міласціню. «Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане” — увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у нябёсах» (Мц 7, 21). Гэтыя словы Езус скіраваў да вучняў, а таксама да мяне і да цябе. Яны павінны стаць пачаткам нашага вялікага рахунку сумлення», — адзначыў іерарх. Біскуп дадаў, што «час, у якім жывём, на жаль, паказвае нам, што чалавек дэкларуе сваю прыналежнасць да той ці іншай рэлігіі, але яго ўчынкі часта не дапасуюцца да рэлігійнай прыналежнасці. Таму Папа Францішак у пасланні на Вялікі пост асцерагае нас перад новым відам граху — глабальнай абыякавасцю перад чалавекам і Богам». «Без малітвы мы не распазнаем нашу дарогу» Паводле слоў біскупа Станеўскага, Вялікі пост — благаслаўлёны час для звычайных вучняў Хрыста: «як католікі, мы можам зрабіць Вялікі пост часам вялікай духоўнай радасці, а перажыванне гэтага перыяду з’яўляецца духоўным абавязкам кожнага католіка». Біскуп адзначыў, што кожны сам абірае жыццёвую дарогу свайго жыцця: «Бог можа толькі прасіць. Ён не будзе нас прымушаць, хоць і будзе цярпець, калі мы зробім дрэнны для сябе выбар». Як заўважыў іерарх, у перыяд Вялікага посту мы «свядома адмаўляемся або абмяжоўваемся ад розных рэчаў, можа, і добрых, але не заўсёды патрэбных, такіх, як тэлевізар, камп’ютар, слуханне музыкі, але такім чынам мы вызваляем час для малітвы». «Без малітвы мы не распазнаем нашу дарогу і спадзяванні, якія ўскладае на нас Пан», — падкрэсліў біскуп. Пра што варта памятаць у Вялікі пост? Іерарх нагадаў таксама пра важнасць малітвы ў сужэнстве і сям’і разам з дзецьмі паводле заахвочвання Папы Францішка да сямейнага чытання і медытацыі над Святым Пісаннем, да ўдзелу ўсёй сям’і ў пакутных набажэнствах і малітвы на ружанцы. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў важнасць малітвы і практыкі посту ў велікапосны перыяд: «Пост умацоўвае нашу матывацыю да справаў. Тут варта прыгадаць важную для католікаў практыку, што за ўвесь год адзін дзень у тыдзень мы павінны захоўваць пакутны дзень. Гэта кожная пятніца, калі на гэты дзень не прыпадае касцёльная ўрачыстасць. У гэты час мы ўстрымліваемся ад ужывання мясных страў. Пакутны характар мае кожны дзень Вялікага посту. Мы свядома выбіраем у гэты перыяд больш сцішаны спосаб жыцця, але не павінны быць самотнымі, бо сэрца радуецца блізкасці Бога». Пост — час выпраўлення Гэтую пакутную практыку, паводле біскупа, варта ахвяроўваць Богу, як дар сэрца і падзяку за несправядлівасці ў свеце. Асаблівую ўвагу біскуп Юзаф Станеўскі звярнуў на добрыя ўчынкі. «Калі мы зрабілі зло іншаму чалавеку, трэба яго выправіць, гэтаксама як і палепшыць адносіны ў сям’і і сужэнстве, сярод супрацоўнікаў і суседзяў, паміж іншымі людзьмі, сярод якіх жывём, бо мы ўсе з’яўляемся Божымі дзецьмі. Пагодзімся, што для выпраўлення ўчыненага зла нам недастаткова толькі шчырага слова падтрымкі, часта трэба таксама выпраўляць нанесеную камусьці шкоду. Вялікі пост з’яўляецца добрым часам для такіх рэчаў». «Нават кубак вады, пададзены сасмягламу ў імя Божае, не застанецца без узнагароды» Гаворачы пра міласціну, біскуп зазначыў, што варта разумець, што «не таму трэба дзяліцца з іншымі, што маем лішак, але таму, што той бліжні знаходзіцца ў яшчэ большай патрэбе, чым мы самі». «Нават кубак вады, пададзены сасмягламу ў імя Божае, не застанецца без узнагароды, — нагадаў іерарх. — На жаль, у нашым грамадстве ёсць людзі, якім няма дзе жыць, хоць і здаецца, што столькі будуецца ў гарадах, ды й колькі пустуе ў вёсках… Але памятаем словы Хрыста аб тым, што бедных заўсёды будзем мець сярод сябе, каб распазнаць у іх свайго бліжняга і заслужыць збаўленне. Скарыстаемся гэтай магчымасцю». На заканчэнне гаміліі іерарх нагадаў, што, пасыпаючы галовы попелам, вернікі павінны ўсведамляць, што гэта не прыніжэнне, а дадзены ад Бога шанец асабістага выпраўлення, а таксама сямейнага і грамадскага рэлігійнага ўзрастання: «Дык навернемся і паверым у Евангелле». (JLS) |