Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў паслугі лектарату і акалітату навучэнцам семінарыі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.02.2015 11:55

Першы тыдзень Вялікага посту традыцыйна з’яўляецца для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне чарговым крокам набліжэння да святарства. 22 лютага ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў паслугі лектарату і акалітату навучэнцам семінарыі. 

Галоўным заданнем акаліта з’яўляецца дапамога святарам і дыяканам падчас цэлебрацыі сакрамэнтаў. У надзвычайных выпадках акаліт можа ўдзяляць Святую Камунію, заносіць Найсвяцейшыя Дары хворым і здзяйсняць выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Лектар выконвае функцыі чытання Святога Пісання падчас літургіі. Па-за святой Імшой ад імя Касцёла можа ўзначальваць набажэнствы (напрыклад, Ружанец, Літургію гадзін), у Вялікую суботу мае права асвячаць велікодныя стравы. Лектар пакліканы да таго, каб сваім штодзённым жыццём абвяшчаць Езуса Хрыста.

Папярэднічалі цырымоніі прызначэння лектарамі і акалітамі адмысловыя рэкалекцыі. Звяртаючыся да вернікаў на пачатку Імшы, іерарх заклікаў да Божай пашаны, «каб такім чынам выразіць Хрысту ўдзячнасць за Яго муку, крыж, цярпенне, за Яго і нашае ўваскрасенне разам з Ім».

Біскуп заахвоціў ўсіх прысутных да малітвы за новых лектараў і акалітаў, каб тое заданне, якое Касцёл на іх ускладае, яны выконвалі згодна з Божай воляй, а таксама каб узрасталі ў веры і любові ў служэнні Касцёлу.

Да святарскага служэння семінарысты рыхтуюцца паступова — адбываецца ўскладанне сутаны, служэнне лектарату, акалітату, абрад прыняцця ў кандыдаты да пасвячэння ў дыяканы і прэзбітэры, дыяканат і, нарэшце, прэзбітэрскае пасвячэнне.

Служэнне лектарату біскуп даручыў двум навучэнцам ІІІ курса семінарыі. Служэнне акалітаў было даручана шасці навучэнцам IV курса.

У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі быў зачытаны пастырскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча на Вялікі пост.

Гродзенскі ардынарый заахвоціў вернікаў, каб перыяд Вялікага посту быў часам накіравання ў пустыню, каб там суцішвацца духоўна і засяродзіцца над уласным жыццём, услухоўваючыся ў кожнае Божае натхненне. «Няхай нашай ежай будзе Божае слова і Найсвяцейшае Цела Езуса Хрыста», — зазначыў біскуп.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота аўтара 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.