Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для студэнтаў катэхетычных курcaў прайшлi ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.02.2015 14:22

20-22 лютага ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для студэнтаў катэхетычных курcaў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі. Рэкалекцыйныя разважанні, якія канцэнтраваліся на тэме веры, праводзіў а. Эдвард Пяцельчыц CSsR.

Духоўныя практыкаванні праходзілі ў сямейнай атмасферы, чаму спрыяла і тое, што ўсе студэнты катэхетычных курсаў знаёмыя паміж сабой. Удзельнікі мелі магчымасць адкрыцца адзін на аднаго і смела дзяліцца сваімі радасцямі і цяжкасцямі ў перажыванні веры, а таксама задаваць смелыя і нярэдка складаныя пытанні на тэму веры рэкалекцыяністу.

Падчас рэкалекцый былі ўзняты наступныя тэмы:

— вера як сустрэча;
— вера як адказ;
— вера і яе крызіс;
— вера як маё пасланне.

 

Кажучы пра веру як сустрэчу, рэкалекцыяніст адзначыў, што сустрэча з Богам часта патрабуе таго, каб пераступіць праз свае ўяўленні пра Яго. Гэта, па словах святара, павінна заўсёды быць спатканне з асабовым Богам, для якога кожны чалавек каштоўны.

Таксама, як заўважыў святар, вера заўсёды патрабуе таго, каб даваць адказ на слова Хрыста. Айцец Эдвард Пяцельчыц дадаў, што чалавек павінен заўсёды адказваць сваёй любоўю на любоў Бога.

Кажучы пра крызіс веры, які можа напаткаць кожнага чалавека, святар звярнуў увагу, што гэта не прычына, каб апусціць рукі і спыніць далейшае духоўнае развіццё: «Вера дапаможа ўзвесці на гэтых руінах новы будынак».

Удзельнікі духоўных практыкаванняў мелі магчымасць нанова ўсвядоміць, што з верай трэба ісці ўсюды, куды чалавек пасланы. Гэта было галоўнае пасланне рэкалекцый, каб сабраныя, вярнуўшыся да сваіх звычайных справаў, маглі несці веру перадусім у сваё бліжэйшае асяроддзе.

Рэкалекцыі завяршыліся святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На заканчэнне Імшы біскуп падзякаваў студэнтам, у склад якіх уваходзіць найперш моладзь, за тое, што яны маюць вялікае прагненне пазнавання тэалогіі і фармавання свайго духоўнага жыцця. Усё гэта, па словах іерарха, з’яўляецца добрым знакам развіцця Касцёла ў нашай краіне.

Згадваючы пра тэматыку рэкалекцый, біскуп заўважыў, што «вера нараджаецца са слухання», і дадаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў: «Як вы самі калісьці былі прыведзены да веры, так павінны з той жа моцай і адвагай абвяшчаць Божае слова ўсім, каго сустрэнеце на сваім шляху».

«Трэба вярнуцца да крыніцы. Гэтай крыніцай з’яўляецца час рэкалекцый, калі мы маем магчымасць зачарпнуць жывой вады і свежага паветра», — сказаў іерарх. Біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў пра Святое Пісанне, да якога трэба вяртацца ўвесь час нанова, і падкрэсліў: «Мы павінны ісці і абвяшчаць свету Евангелле, каб праз наша жыццё і ўчынкі іншыя людзі, нават выпадковыя, таксама хацелі пазнаваць Бога на старонках Евангелля».

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.