Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка ў Лідзе: «Заўсёды быць гатовым да ахвяры і прысвячэння»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.03.2015 15:37

1 сакавіка на заканчэнне рэкалекцый у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе святую Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Іерарх заклікаў вернікаў да прыняцця велікапосных практык і абмежаванняў. Пінскі ардынарый адзначыў, што кожныя рэкалекцыі пакліканы «паглыбляць сувязь чалавека з Панам Богам і ўплываць на паглыбленне веры ў чалавеку».

Разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, біскуп звярнуў увагу, што Абрагам, які быў у стане скласці Богу ў ахвяру свайго адзінага сына, з’яўляецца і для сучасных людзей «узорам паслухмянасці і поўнага аддання сябе Божай волі». «Таксама кожны з нас павінен быць гатовы да таго, каб магчы ахвяраваць Богу самае каштоўнае ў сваім жыцці», — дадаў іерарх.

Пінскі ардынарый патлумачыў, што складанне Богу ахвяры з чыстай душой заўсёды сустракае Божае благаслаўленне.
Таксама біскуп заахвоціў удзельнікаў Імшы практыкаваць у сваіх сем’ях супольную малітву, якая з’яўляецца вялікім скарбам для кожнай сям’і. «Толькі такая сям’я, якая супольна моліцца, здольная перамагчы ўсе канфлікты і непаразуменні, — адзначыў іерарх. — Вялікі пост павінен стаць для кожнага аднаўленнем адносін з нашым Стварыцелем, а гэтае аднаўленне можа адбыцца толькі на малітве, якая павінна пастаянна спадарожнічаць чалавеку».

У лідскай парафіі ўжо на працягу пэўнага часу знаходзіцца абраз благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, якія ўшаноўваюцца ў гэтай супольнасці вернікаў. Праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц парафіяне давяраюць Богу свае просьбы.

З гэтай нагоды, кажучы пра гатоўнасць складання ахвяры Богу, біскуп Антоні Дзям’янка ўказаў на прыклад сястры Стэллы і яе паплечніц з Навагрудка, 15-я гадавіна беатыфікацыі якіх адзначаецца ў гэтым месяцы. Іерарх заўважыў, што з ахвяры благаслаўлёных назарэтанак, складзенай Богу, варта «нястомна чэрпаць натхненне для свайго жыцця і заўсёды быць гатовым да ахвяры і прысвячэння».

У лідскай парафіі па ініцыятыве пробашча кс. прэлата Вінцэнта Лісоўскага ўжо шэраг гадоў рэкалекцыі праводзяць святары з Пінскай дыяцэзіі. Сёлета іх праводзіў кс. Павел Рудзьман.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.