Юбілейныя ўрачыстасці ў Гродне: ксёндз Казімерас Жыліс — чалавек-легенда |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
05.03.2015 14:33 |
4 сакавіка, ва ўспамін св. Казіміра — апекуна Гродзенскай дыяцэзіі — у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша. Сёлетні ўспамін святога каралевіча Казіміра, які быў асаблівым чынам звязаны з горадам Гродна, быў узбагачаны юбілеем 70-годдзя кс. Казімераса Жыліса, езуіта. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу з нагоды 70-годдзя кс. Казімераса Жыліса. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, айцец Антоні, настаяцель Расійскай правінцыі айцоў езуітаў, святары, законныя сёстры i вернікі Гродна і тых месцаў, дзе ў свой час служыў кс. Жыліс. «Я быў у вязніцы, а вы адведалі Мяне» Асоба ксяндза Казімераса Жыліса добра вядомая ў гродзенскай турме, дзе ўжо шмат год ён рэалізуе словы Хрыста: «Я быў у вязніцы, а вы адведалі Мяне». Ксёндз Жыліс рэгулярна наведвае гродзенскую турму, дзе ўдзяляе святыя сакрамэнты, праводзіць размовы, а перад усім слухае тых, хто ўчыніў злачынства, але мае ў сабе прагненне змяніць жыццё.
Іерарх адзначыў, што з часу, калі жыў святы Казімір, свет цалкам змяніўся. «Мы жывем у новым свеце, з механізацыяй і камп’ютарызацыяй, мы шукаем жыцця ўжо не за акіянам, але ў космасе. Цяжка б было знайсці падабенствы з часамі св. Казіміра і нашай сучаснасцю. Як адзначае Папа Францішак, зараз мы назіраем шмат з’яваў, якія нараджаюць неспакой. Гэта міжнародныя і міжканфесійныя канфлікты, таксама нашыя асабістыя слабасці. Штораз больш людзей адыходзяць ад Бога, Божы закон прадстаўляецца як састарэлае, як тое, што не падыходзіць для сучаснасці і чаканняў чалавека. Аднак кожны дзень нязменна пацвярджаецца таямніца Езуса Хрыста: “Неба і зямля мінае, але Мае словы не мінаюць”. Таму для кожнага, хто жадае годнага і справядлівага жыцця, св. Казімір надалей застаецца прыкладам. Гэта ён паказвае нам простыя і канкрэтныя ўказальнікі шляху, якія могуць быць эфектыўнай дапамогай на жыццёвай дарозе сучаснага чалавека. Ён навучае, як аднавіць веру ў нашых сем’ях, супольнасцях і ўсім грамадстве», — разважаў біскуп Станеўскі. Іерарх прыгадаў жыццё ксяндза Жыліса, узгадаў памерлых ужо бацькоў Юзафаса і Вераніку Жыліс, якія, жывучы за 100 кіламетраў ад віленскай катэдры, чулі пра святога каралевіча і пра яго жывы культ, і, жадаючы, каб іх дзіця ішло дарогаю Божых загадаў і навучанняў, ужо пратаптанай сцежкай, выбралі яму за апекуна св. Казіміра.
Біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што кс. Жыліс ужо столькі год рупліва вядзе вернікаў па дарогах Пана Бога. «Ён прабывае сярод нас, як праваднік, як той, хто клапоціцца, каб мы не згубіліся сярод колераў сучаснага света. Ксёндз Казімерас стаў сярод нас і з адвагай кажа ўсім, якімі з’яўляюцца нашыя асноўныя абавязкі і заданні, напрыклад, нагадваючы бацькам пра іх пакліканне перадаваць жыццё», — дадаў іерарх. На заканчэнне літургіі вернікі гродзенскай катэдры, дзеці і прадстаўнікі парафіі, дзе служыў кс. Жыліс, падзякавалі святару за ахвярную працу. Юбіляр жа ў сваю чаргу выказаў падзяку ўдзельнікам свята і прызнаўся, што шчаслівы, бо ўжо больш за 30 гадоў працуе ў Беларусі, якую вельмі палюбіў.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы прыпомніў шматлікім вернікам, што кс. Казімерас Жыліс з’яўляецца прыкладам нязломнага барацьбіта за правы Касцёла і свабоды веравызнання, што асаблівым чынам праявілася падчас ганенняў на Касцёл. «Яго таксама можна назваць голасам сумлення ў нашым секулярным свеце і вязнем канфесіянала. Вядомы ён таксама і як вельмі загартаваны чалавек, які не прызнае гарачай вады і мыецца выключна халоднай», — дадаў іерарх. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |