Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ таварыскі футбольны матч у Іўі: міліцыя зноў перамагла святароў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.03.2015 12:17

5 сакавіка у Іўі адбыўся II таварыскі футбольны матч паміж святарамі Гродзенскай дыяцэзіі і камандай iўеўскай міліцыі. Таварыскі матч быў прымеркаваны да ўспаміну святога Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама да Дня міліцыі.

Ужо ў другі раз арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіў дэкан Іўеўскага дэканату і пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі кс. Ян Гавэцкі. Мэтай сустрэчы, па словах святара, была інтэграцыя і стварэнне магчымасці супольнага святкавання.

Cустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Павел Салабуда — капітан каманды святароў. У літургіі ўдзельнічалі святары Гродзенскай дыяцэзіі, міліцыя Іўеўскага раёна і вернікі. Іўеўская міліцыя ў гэтым годзе адзначае 75-годдзе, таму асаблівым чынам святары маліліся за ўсіх службоўцаў і іх сем’і.

У гаміліі кс. Гавэцкі адзначыў, што cвятар пакліканы абвяшчаць Евангелле і будаваць хрысціянскую супольнасць. Таксама ксёндз Гавэцкі адзначыў, што міліцыянер пакліканы сачыць за тым, ці захоўваюць людзі свецкія законы. «І першыя, і другія пакліканы, каб служыць чалавеку», — заключыў святар.

Таварыскі матч адбыўся ў Іўеўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Hамеснік старшынi Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Раманюк, вітаючы ўсіх гасцей, адзначыў, што гэта вельмі важная падзея для раёна. «Будзе вельмі прыемна, калі яны будуць праходзіць рэгулярна», — сказаў ён. Аляксандр Раманюк дадаў, што ў гэтай гульні «важная не перамога, а сама сустрэча, якая сабрала нас у гэтай зале».

Трэба адзначыць, што гульня міліцыі была вельмі добрай. Гэта можна было адчуць у першыя хвіліны пасля распачацця тайма. Ужо ў першыя хвіліны гульні ў святарскія вароты былі забіты галы.

У першым тайме перамагла каманда міліцыі, у другім таксама. У выніку 9 галоў забіла міліцыя, а святары — 5. Перамога аказалася на баку міліцыі, якая і была ўзнагароджана кубкам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Пасля завяршэння матчу ўдзельнікі сустрэліся пры супольным стале, маючы магчымасць абмяняцца ўражаннямі, выказаць удзячнасць адзін аднаму і радасць ад гульні.

І таварыскі футбольны матч паміж святарамі Гродзенскай дыяцэзіі і камандай iўеўскай міліцыі адбыўся ў 2013 годзе. У ім таксама перамога была на баку «людзей у пагонах», а не «людзей у сутанах». 

 

Кс. Юрый Марціновіч,

Фота аўтара 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.