Урачыстасці літургічнай службы алтара адбыліся ў Шчучыне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
09.03.2015 12:10 |
6 сакавіка ў парафіі Святой Тэрэзы ў Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія) адбылася чарговая сустрэча для бацькоў дзяцей, якія належаць да літургічнай службы алтара і хору «Calasanz».
Сустрэча праходзіла ў дзвюх частках. Найперш запрошаныя разам са сваімі дзецьмі прынялі ўдзел у Крыжовым шляху ў касцёле, разважаючы над мукай Езуса Хрыста. Другая частка — канферэнцыя — адбывалася ў кляштары айцоў піяраў.
На канферэнцыю быў запрошаны спецыяльны госць — кс. Віктар Ханько, які нясе душпастырскае служэнне ў Мастах (Гродзенская дыяцэзія). Святар наблізіў сабраным тэму грахоў пакаленняў.
8 сакавіка, у нядзелю, у парафіі адбылася чарговая падзея, якая датычыла непасрэдна літургічнай службы алтара. Сем кандыдатаў упершыню ўсклалі на свае плечы комжы, прысягнуўшы, што будуць руплівымі міністрантамі, а яшчэ дзевяць сталі лектарамі (упершыню ў гісторыі парафіі). Урачыстасці ўзначаліў пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SР.
А. Віталій Слука SP
|
Фотарэпартаж |