Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Гродне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі Душпастырства працуючай моладзі і студэнтаў «Open»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.03.2015 15:18

5-7 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбыліся традыцыйныя велікапосныя рэкалекцыі Душпастырства працуючай моладзі і студэнтаў «Open». Плённа перажыць духоўныя практыкаванні дапамагаў моладзі кс. Мікалай Ціхановіч.

У сваіх разважаннях рэкалекцыяніст прысвяціў вялікую ўвагу таму, каб паказаць маладым людзям шлях да Бога. Таксама святар нагадаў крытэрыі быцця вучнем Езуса Хрыста. Рэкалекцыйныя канферэнцыі засноўваліся на ўласным сведчанні жыцця святара і на яго ўласным перажываннем веры. Ксёндз Мікалай Ціхановіч заахвоціў моладзь старацца заўсёды трываць у Божай ласцы.

Знайсці Хрыста, пазнаць Яго і адказаць на Яго заклік — такія тэмы святар прапанаваў маладым вернікам падчас рэкалекцый.
У праграме рэкалекцый былі таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнства Крыжовага шляху. Быў час на размовы і магчымасць задаць рэкалекцыяністу пытанні.

У размове з Сatholic.by душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза адзначыў: «Сёння да маладога чалавека асабліва прамаўляе форма асабістага сведчання. Такімі былі і гэтыя рэкалекцыі, бо сёння малады чалавек шукае сведкаў». Душпастыр моладзі дадаў, што час рэкалекцый быў вельмі значным у духоўным плане для моладзі. «Вялікая колькасць удзельнікаў прыступіла да сакрамэнту пакаяння. Падчас кожных рэкалекцый гаворка ідзе пра перамяненне, а гэта найлепш здзяйсняецца ў сакрамэнце пакаяння», — сказаў святар.

Рэкалекцыі, у якіх прынялі ўдзел каля 100 чалавек, завяршыліся Актам абрання Хрыста адзіным Панам жыцця. Кожны з удзельнікаў атрымаў індывідуальнае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і меў час на асабістую малітву.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.