Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
8 сакавіка ў гродзенскай катэдры ўзгадалі прыклад жыцця благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.03.2015 16:02

У гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя 8 сакавіка прайшла святая Імша падзякі з нагоды 15-й гадавіны беатыфікацыі 11 назарэтанак-мучаніц з Навагрудка.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гэты ж дзень законніцы з Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкi) на ўсіх Імшах набліжалі да вернікаў постаць 11 мучаніц i iх дарогу да святасці. Сёстры назарэтанкі прыводзілі ў прыклад шлях жыцця мучаніц з Навагрудка.

«Сучасны чалавек павінен быць здольны на розныя ахвяры. Магчыма, гэта не будзе ахвяра з усяго жыцця, але ў нашай штодзённасці мы павінны быць здольныя скласці дабравольныя ахвяры для большага дабра», — заахвочвалі прысутных сёстры назарэтанкі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што два тысячагоддзі гісторыі Касцёла багатыя на сведчанні веры тых, якія не толькі жылі для Хрыста, але за Яго і ў Яго імя аддавалі жыццё.

«Мучаніцкая смерць благаслаўлёных сясцёр назарэтанак была заканчэннем іх прыгожага жыцця, цалкам аддадзенага Хрысту, а таксама бліжнім», — адзначыў біскуп Кашкевіч. Іерарх дадаў, што перад небяспекай яны ішлі «на смерць з адвагай і малітвай на вуснах — ішлі на спатканне з Тым, каго палюбілі больш за ўсё».

«Сёстры назарэтанкі свёй гераічнай смерцю даказалі, што любоў мацнейшая за нянавісць, што для любові можна жыць і паміраць, што нават у нечалавечых умовах можна заставацца чалавекам», — сказаў іерарх.

На заканчэнне гаміліі біскуп Кашкевіч выказаў надзею, што ахвяра жыцця гераічных мучаніц прынясе плён новых шматлікіх і святых пакліканняў да службы Богу ў Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.