Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25 сакавіка спаўняецца 10 год з дня смерці кс. прэлата Казіміра Шаняўскага
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.03.2015 13:19

На 25 сакавіка прыпадае 10-я гадавіна смерці кс. прэлата Казіміра Шаняўскага, пробашча парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні (Гродзенская дыяцэзія).

Ксёндз Казімір Шаняўскі нарадзіўся 28 лютага 1915 г. у Ваўчкове, Марыямпальскай парафіі (Львоўская дыяцэзія) у сям’і Яна і Станіславы з дому Руткоўскіх. Быў ахрышчаны ў Марыямпалі. У хуткім часе сям’я пераехала ў Сокулку каля Беластока. У Сокулцы ён наведваў пачатковую школу, потым гімназію. У 1929 годзе, адначасова з зачыненнем гімназіі, сям’я Шаняўскіх пераехала ў Беласток, дзе ў 1935 годзе будучы кс. Казімір атрымаў атэстат сталасці ў дзяржаўнай гімназіі імя Жыгімонта. У гэтым жа годзе ён паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні.

У 1939 годзе скончыў тэалагічны факультэт універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У чэрвені 1940 года з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ў віленскай катэдры прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Пасля пасвячэння на працягу дзевяці месяцаў працаваў вікарыем у парафіі ў Рудоміне каля Вільні, потым у парафіях у Астрыне, Дзембраве, Ляцку.

З 1958 па 1960 г. кс. Шаняўскі быў пробашчам фарнага касцёла ў Гродне. У 1961 годзе выехаў на Белагруды, дзе распачаў душпастырства, з 1972 года стаў служыць і ў парафіі Ліды-Слабодцы, з 1978 года пачынае прыязджаць у Радунь, куды ў хуткім часе пераязджае на сталае жыхарства, працягваючы служыць у парафіі ў Белагрудзе і Лідзе-Слабодцы. Пасля ўтварэння ў 1991 годзе Гродзенскай дыяцэзіі стаў дэканам у Радуні і прэлатам.


У памяці парафіянаў кс. прэлат Казімір Шаняўскі застаўся старанным душпастырам, які шмат зрабіў для Касцёла і парафіі ў Радуні. У 1986 годзе нанова адмаляваў будынак касцёла (знешні бок), змясціў у бакавыя капліцы чатыры акны з вітражамі, клапаціўся аб парадку ўнутры святыні. Дзякуючы яго старанням і ахвярнасці парафіянаў у прэзбітэрыуме была пакладзена плітка з белага мармуру, а ва ўсім касцёле пакладзены паркет замест драўлянай падлогі.

Старэйшае пакаленне святароў Гродзенскай дыяцэзіі кажа, што трэба скласці падзяку кс. Шаняўскаму за тое, што ў складаныя часы, калі было мала святароў, ён мог прыязджаць у шматлікія парафіі, каб адправіць святую Імшу і ўдзяліць сакрамэнты. Святар клапаціўся пра тое, каб вернікі не былі пазбаўленыя духоўнага жыцця з сакрамэнтамі. Дзякуючы яго стараннасці ў складаныя часы для Касцёла шмат людзей змаглі атрымаць хрост, прыступіць да Першай Камуніі, шмат пар склала сужэнскую прысягу перад Богам.

25 сакавіка 2005 г., у Вялікую пятніцу, незадоўга да 65-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння, кс. прэлат Казімір Шаняўскі адышоў у вечнасць. Разам з яго смерцю скончыўся чарговы раздзел у кнізе гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне, бо сярод духавенства Гродзенскай дыяцэзіі кс. Шаняўскі быў апошнім святаром, які скончыў перад вайной семінарыю Віленскай архідыяцэзіі. У пахаванні ўдзельнічала вялікая колькасць вернікаў з розных парафій, дзе нёс паслугу кс. Казімір, а таксама больш за 100 святароў.

(JM)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.