Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У радунскай парафіі ўзгадалі кс. прэлата Казіміра Шаняўскага ў 10-ю гадавіну яго смерці
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.03.2015 15:58

25 сакавіка вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні (Гродзенская дыяцэзія) узгадалі свайго былога пробашча кс. прэлата Казіміра Шаняўскага, 10 гадоў са смерці якога прыпадае на гэты дзень. Таксама сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння святара.

Вернікі радунскай парафіі выказвалі ўдзячнасць Богу за дар гэтай асобы, дзякуючы якой ім удалося паглыбіць веру і ўдзельнічаць у сакрамэнтальным жыцці Касцёла.

Ксёндз Казімір Шаняўскі нарадзіўся 28 лютага 1915 г. у Ваўчкове, Марыямпальскай парафіі (Львоўская дыяцэзія) у сям’і Яна і Станіславы з дому Руткоўскіх. Быў ахрышчаны ў Марыямпалі.

Урачыстую святую Імшу у радунскім касцёле узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на таямніцы Уцелаўлення Сына Божага, паколькі ў гэты дзень святкавалася ўрачыстасць Звеставання Пана. Іерарх адзначыў, што Евангелле ў гэтую ўрачыстасць паказвае Марыю з Назарэта ў Яе дылеме выбару паміж сваёй воляй і воляй Таго, хто аб’явіўся Ёй у прыйсці і пасланніцтве Анёла.

“”Няхай Мне станецца паводле Твайго слова”, - хоць Яна прамовіла гэтыя словы дрыжачым голасам, але разумела, што так трэба, што ў адносінах да Яе такая Божая воля”, - сказаў біскуп. Іерарх дадаў, што нялёгка бывае выконваць Божую волю, але “Марыя згадзілася з воляй Пана, стаўшы Яго пакорнай слугой, прыняўшы і сваім жыццём рэалізаваўшы сваё пакліканне”.

“Марыя – наш узор і натхненне да таго, як распазнаваць і адказваць сваёй воляй на волю Найвышэйшага”, - падкрэсліў біскуп. Іерарх заахвоціў вернікаў шукаць Божую волю ў розных падзеях штодзённасці.

Узгадваючы спачылага 10 гадоў таму кс. прэлата Казіміра Шаняўскага, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што гэты святар у свой час пачуў голас Хрыста і адказаў на яго жаданнем служыць Богу і людзям. Іерарх заклікаў памятаць у малітве пра спачылых святароў і дзякаваць Богу за ўсё тое, што праз іх душпастырскае служэнне стала ўдзелам вернікаў.



 

Пасля Імшы адбылася малітва на месцы пахавання кс. Казіміра Шаняўскага каля святыні.

Ксёндз прэлат Казімір Шаняўскі адышоў у вечнасць 25 сакавіка 2005 г., у Вялікую пятніцу, незадоўга да 65-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.