Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Смаргонь: Крыжовы шлях бескарыслівай любові вуліцамі горада
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.03.2015 23:28

27 сакавіка вернікі са Смаргоні мелі магчымасць узяць крыж уласнага жыцця і прайсці за Панам вуліцамі горада, разважаючы над стацыямі Крыжовага шляху.

«Жыццё хрысціяніна — гэта шлях з Крыжам на Галготу. Крыж — выраз сапраўднай любові, калі ж хрысціянін выракаецца крыжа, ён не можа быць вучнем Хрыста», — гэтымі словамі распачаўся шлях разважанняў над асабістымі слабасцямі, падзеннямі і перамогамі. «Навучы нас, Езу, даверу і бескарыслівай любові!», — прасілі вернікі дапамогі ў Бога, робячы першыя крокі ў накірунку ўласнай Галготы.

Няцяжка прызнаць, што кожны чалавек у сваім штодзённым жыцці мае патрэбу ў Божай дапамозе. Толькі самыя ганарлівыя і неразумныя лічаць, што яны сапраўды самадастатковыя. Але на самой справе зрабіць такі крок да Бога можа быць вельмі цяжка. Шмат перашкодаў можа стаяць на гэтым шляху. Варта памятаць, што Бог за нас, а не супраць нас. Бог чакае нас, імкнецца дапамагчы ў нашым болю, сораме, гневе або страху. Галоўнае — гэта зрабіць крок наперад і прынесці Богу ўвесь цяжар, які перашкаджае нам.

Сімвалічным было тое, што вернікі ішлі праз горад, трымаючы ў руках запаленыя свечкі — сімвал святла Хрыста, які ў гэты вечар асвяціў вуліцы горада. Важна і тое, што несці крыж можна было не толькі духоўна, а і фізічна.

Дакрануцца да крыжа і аблегчыць цярпенні Хрыста маглі мужчыны і жанчыны, міністранты, моладзь і дзеці, салезіяне супрацоўнікі, маладыя сем’і і нарачоныя.

«Езу, Ты не выракаешся Крыжа і не гаворыш, што Крыж занадта цяжкі. Ты прымаеш яго ў маўчанні, бо маўклівая душа — моцная і ёй нічога не можа пашкодзіць. Маўчанне — гэта голас душы, які нашмат мацнейшы за крык. Ты бярэш Крыж на Свае плечы з любові да мяне, каб паказаць мне шлях сапраўднай бескарыслівай любові, якая нічога не шукае для сябе, а толькі клапоціцца пра бліжніх!», — такімі словамі разважалі жыхары Смаргоні  і прасілі, каб Бог запаліў у іх сэрцах агонь бескарыслівай любові да бліжніх.

Гэты Крыжовы шлях праходзіў у другіх дзень рэкалекцый, якія праводзіў у парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрый Марціновіч, дырэктар Інфармацыйнай службы пры ККББ.

Ганна Семак, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.