У Ашмянах усталявалі вялікі крыж на мясцовай Галгоце |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
02.04.2015 10:48 |
Дваццаты па ліку крыж з'явіўся на Святой Гары ў Ашмянах, які ўсталявалі вернікі 29 сакавіка, на Пальмовую нядзелю. Пра гэта паведамляе «Вечаровы Гродна». Ужо ў дваццаты раз католікі з Ашмянаў сустракаюць Вялікі тыдзень Крыжовым шляхам, якім праходзяць праз увесь горад. Вернікі ідуць да гары, каля якой калісьці быў стары касцёл. Кожны год тут усталёўваюць па крыжу. Гэтае месца называецца Галготай.
Крыж выразаюць напярэдадні, яго даўжыня складае не менш за 4 метры, а вага — не менш за 400 кілаграмаў. Мужчыны нясуць яго на плячах, ані разу не апускаючы на зямлю. Вернікі праходзяць прыкладна каля двух кіламетраў. З года ў год маршрут не змяняецца. Ад касцёла ён ідзе па Францішканскай вуліцы і скончваецца на Святой Гары. Святая, ці Францішканская, гара ў Ашмянах лічыцца адной з самых высокіх кропак у Беларусі. Ля яе падэшвы яшчэ захаваліся руіны касцёла св. Францішка, які быў пабудаваны, як прыблізна мяркуюць, паўтысячы год таму, а на самой гары калісьці былі могілкі. (AYU) |