Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Цяпер, о Пане, дазволь адысці сваёй слузе ў супакоі»: урачыстасці пахавання с. Агаты Пачобыт
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.04.2015 11:15

9 красавіка ў парафіі Св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся ўрачыстасці пахавання с. Агаты Пачобыт з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Сястра Агата пражыла 87 гадоў, з якіх 25 правяла ў законнай супольнасці. Адышла ў вечнасць 7 красавiка.

Пахавальныя ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. За спачылую маліліся таксама святары, сёстры законныя і тыя, каму была блізкая сястра Агата.

Падчас гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што смерць сястры Агаты выпала на актаву велікоднага перыяду, у той радасны час, калі ўсе дзеці Касцёла дзякуюць Богу за Уваскрасенне. «Праз сваю смерць на крыжы Езус Хрыстус стаў пераможцам смерці, пекла і д’ябла», — адзначыў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі таксама прыгадаў дарогу да законнага жыцця гэтай сястры, якая ўжо ў сталым узросце ўступіла ў шэрагі супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

«Яе зямное жыццё праходзіла ў працы і цярпеннях звычайнай штодзённасці. Але ў пэўны момант жыцця яна пажадала больш глыбокіх адносін з Богам. І стала першай у шэрагах сваёй супольнасці», — адзначыў біскуп Станеўскі.

Іерарх дадаў, што «сваёй прысутнасцю ў манаскай супольнасці, працавітасцю, пабожнасцю і традыцыяй яна ўзбагаціла і ўзмацніла асновы супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці». З кожны днём, набліжаючыся да вечнасці, як адзначыў біскуп Станеўскі, сястра Агата ведала, што «смерць — гэта не канец, але пачатак новага жыцця, якое адкрывае брамы да неба».

Беручы пад увагу перыяд Велікоднай актавы, які перажываецца ў Касцёле, біскуп Станеўскі адзначыў, што «ў раніцу Уваскрасення Пана сястра Агата, чуючы радаснае «Аллелюя», нібы ўслед за старцам Сімяонам сказала словы: «Цяпер, Пане, дазволь адысці слузе сваёй у супакоі».

Пасля Імшы адбыліся апошнія пахавальныя малітвы ў святыні і працэсія на могілкі.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.