Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету»: адбылася пешая пілігрымка з Сапоцкіна ў Свяцк
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.04.2015 11:42

Вернікі парафіі ў Сапоцкіне, сярод якіх дзеці і моладзь, па традыцыі штогод у нядзелю Божай Міласэрнасці здзяйсняюць пілігрымку ў парафіяльную капліцу ў Свяцку (Гродзенская дыяцэзія), дзе знаходзіцца абраз “Езу, давяраем Табе”. Удзельнікі пілігрымкі ў гэтае свята, устанаўлення якога пажадаў сам Хрыстус, хочуць даверыць Езусу Міласэрнаму свае справы і клопаты.

12 красавіка група з 40 парафіян на чале з пробашчам кс. Антоніем Абухоўскім вырушыла ў шлях. Пілігрымка была хоць і не вельмі доўгай, але нялёгкай: дзьмуў моцны вецер, было халодна і дажджліва. Вернікі пілігрымавалі ў інтэнцыі сваёй парафіі, блізкіх, родных і сяброў і разам маліліся Богу, багатаму ў міласэрнасці: “Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету”.

У капліцы Божай Міласэрнасці ў Свяцку адбылася адпустовая Імша, якую ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч. У гаміліі святар наблізіў прысутным гісторыю свята Божай Міласэрнасці, адзначыўшы, што “праўда пра Бога, багатага ў міласэрнасці, дазваляе нам убачыць Яго побач з чалавекам, асабліва церпячым, тым, для якога існуе пагроза ў яго існаванні і чалавечай годнасці”.

Ксёндз Юрый Марціновіч узгадаў словы св. Яна Паўла ІІ, які пісаў, што “ад міласэрнай любові залежыць будучыня чалавека і свету”, і заахвоціў “заўсёды прасіць Бога, каб кожны дзень аказваў міласэрнасць нам і ўсяму свету”.


Са святам Божай Міласэрнасці асабліва звязана абяцанне Хрыста, якое занатавала ў сваім “Дзённіку” святая Фаўстына: “Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў” (Дз. 699). Таму многія ўдзельнікі пілігрымкі прыступілі ў гэты дзень да святой Камуніі, каб атрымаць ласкі, абяцаныя Езусам.

Вераніка Альшаўскайтэ

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.