Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падчас сустрэчы работнікаў медустаноў Гродзенскай дыяцэзіі разважалася аб медыцынскіx і духоўныx аспектax дэпрэсіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.04.2015 11:34

11 красавіка ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбылася сустрэчa работнікаў медустаноў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу прыбылі работнікi бальніц, паліклінік і дамоў сацыяльнай апекі з розных мясцін дыяцэзіі.

Сустрэчу арганізавала Душпастырства аховы здароўя ў г. Гродна, душпастырам якога з’яўляецца кс. Мікалай Ціхановіч. Падчас сустрэчы медыкі разважалі над тэмай «Медыцынскія і духоўныя аспекты дэпрэсіі».

Сёння дэпрэсія закранае шмат людзей рознага ўзросту. Кожны год павялічваецца колькасць людзей, якія пакутуюць ад гэтай хваробы. Мяркуецца, што ў сучасным грамадстве 20% людзей на працягу жыцця перажываюць дэпрэсію або захворваюць на яе. У адпаведнасці са статыстыкай Сусветнай Арганізацыі аховы здароўя, за апошнія некалькі гадоў дэпрэсія стала хваробай цывілізацыі і закранула прыкладна 450 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце, лічыцца, што пасля 2020 г. яна будзе вядучай прычынай інваліднасці.

Касцёл не можа быць абыякавы да гэтых выклікаў. Падчас сустрэчы службы аховы здароўя ў Лідзе ўдзельнікі і госці разам шукалі прычыны ўзнікнення дэпрэсіі і шляхі дапамогі чалавеку, якога яна закранула. Пакліканне Касцёла – падаць руку кожнаму чалавеку, асабліва таму, якога закранулі хвароба і цярпенне.

Пробашч лідскай парафіі Святой Сям’і і гаспадар сустрэчы кс. Юзаф Ганьчыц, вітаючы ўдзельнікаў, адзначыў, што толькі Езус Хрыстус найлепш ведае рэцэпты для шчасця чалавека і толькі Ён можа аздаравіць нават з найбольшых хваробаў душы і цела.

Уводзячы прысутных у тэматыку сустрэчы, яе арганізатар кс. Мікалай Ціхановіч узгадаў словы св. Яна Паўла ІІ, які калісьці адзначыў, што “дэпрэсія – заўсёды духоўнае выпрабаванне”. Святар дадаў, што мэта сустрэчы – паспрабаваць “разгледзець з’яву дэпрэсіі ў розных вымярэннях чалавечай асобы для таго, каб медыкі-хрысціяне маглі больш эфектыўна дапамагаць пакутуючым ад дэпрэсіі”.

Падчас сустрэчы сваім вопытам працы з перажываючымі дэпрэсійны стан падзялілася Валянціна Карпюк, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, заг. кафедры псіхатэрапіі і наркалогіі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, наблізіўшы сабраным медыцынскія аспекты дэпрэсіі.

Сястра Паўла Бобэр з Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і, магістр псіхалагічных і педагагічных навук, у сваім дакладзе распавяла аб дэпрэсіi як этапe ў працэсе росту асобы. Кажучы пра прычыны дэпрэсіі, сястра адзначыла, што яна “можа быць відам гневу”, “прыкрыццём нянавісці” і “негатыўнага ўспрыняцця сябе самога”. Pасказала пра пяць крокаў, калі чалавек хоча ісці здаровым шляхам: прыняць сябе, быць сабой, забыць пра сябе, выбраць правільны шлях і належаць (выбар мужа, жонкі, тое, да чаго належу).

Ксёндз Мікалай Ціхановіч у сваім дакладзе “Паміж дэпрэсіяй і апантанасцю” адзначыў, што неабходна адрозніваць апантанасць ад псіхічнага захворвання. Святар прадставіў згодна з хрысціянскімі ўяўленнямі прыкметы апантанасці.

“Вельмі важна ўмець ацаніць псіхічны і духоўны стан хворага. І, даследуючы хаця б некаторыя крыніцы стану дэпрэсіі, старацца дапамагчы чалавеку і накіраваць яго да кампетэнтных спецыялістаў: псіхіятра, псіхатэрапеўта ці святара, – адзначыў дакладчык. – Не існуе відавочнай фізічнай або ўнутрана характэрнай чалавеку схільнасці, якая пабуджае яго да апантанасці. Дэманічная апантанасць не распаўсюджваецца падобна заразе. Чалавек не можа стаць апантаным, знаходзячыся ў адным пакоі або пражываючы па суседстве з апантаным”.

Па словах кс. Ціхановіча, адчыніць дзверы д’яблу чалавек можа, напрыклад, праз сувязь з акультызмам, праклён, жыццё ў граху.

У межах сустрэчы адбылася таксама святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх разважаў над таямніцай Уваскрасення Хрыста. “Мы пакліканы абвяшчаць Добрую Навіну пра Уваскрасенне Хрыста. Да нас Хрыстус прамаўляе тыя ж словы, як калісьці да апосталаў: ідзіце і абвяшчайце Евангелле, - адзначыў біскуп, дадаўшы: - Мы пакліканы, кожны на сваім месцы і сваім спосабам, абвяшчаць Евангелле сучаснаму свету”.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, іерарх заахвоціў, каб, выконваючы сваё служэнне, якое так патрэбна грамадству, яны лячылі не толькі фізічна, але і духоўна, і пажадаў “несці хвораму чалавеку добрае слова, перадусім сваёй паставай, уносіць у яго жыццё Божы дух”.

У межах сустрэчы ва ўдзельнікаў быў таксама час, каб задаць пытанні дакладчыкам, час на размову з біскупам Юрыем Касабуцкім, на індывідуальную малітву і асабістыя размовы.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.