Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафія Святога Духа ў Гродне: ад заснавання да будаўніцтва святыні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.04.2015 15:00

Пра парафію Святога Духа ў Гродне, ад заснавання якой прайшло тры гады, распавядае для catholic.by яе пробашч — кс. Павел Салабуда. Заснаванне, трываласць вернікаў, будаўніцтва святыні, планы, спадзяванні і іх спаўненне...

21 чэрвеня 2012 года была заснавана новая парафія пад тытулам Святога Духа ў Гродне.

«Я атрымаў ад біскупа Аляксандра Кашкевіча дэкрэт пробашча гэтай парафіі, — распавядае кс. Павел Салабуда. — Безумоўна, гэта не быў пачатак хрысціянскага жыцця вернікаў тады яшчэ толькі мікрараёна Фабрычны. Каля 20 гадоў таму вернікі з Фабрычнага, у той час гэта ўжо быў пасёлак, пабудавалі капліцу, куды рэгулярна прыходзілі на малітву, напрыклад, на ружанцовыя, маёвыя набажэнствы і г.д.

Да капліцы і крыжа таксама працэсійна праводзілі памерлых з гэтай мясцовасці. Нават некалькі дзён таму, праязджаючы каля капліцы, я бачыў, як туды ішла пахавальная працэсія. Усё гэта паказвае, якім важным было і ёсць гэтае месца малітвы для мясцовых католікаў. Душпастырскай апекай увесь час займаліся айцы францішкане, таму што гэта была частка францішканскай парафіі. Летам, адзін раз на месяц, пры капліцы адпраўлялася святая Імша.

Некаторыя вернікі прыходзілі на Імшу нават у вялікі мароз. Гэта было сведчанне веры гэтых парафіянаў…

З 2012 года ўжо я пачаў прыязджаць да капліцы. Спачатку раз на месяц, а затым, калі заўважылі, што ўсё больш людзей прыходзіць на Імшу – тады іх было 70-90 чалавек, – пачаў прыязджаць кожную нядзелю. Хіба з сакавіка 2012 года, не звяртаючы ўвагі на надвор’е, мы маліліся каля капліцы. Памятаю, як зімой, калі на працягу некалькіх тыдняў трымаўся мароз ніжэй за 20 градусаў, я прапанаваў вернікам зрабіць перапынак і не адпраўляць Імшу на вуліцы пры капліцы, а пайсці ў касцёл у горад. На гэта яны адказалі, што іх парафія тут і яны будуць прыходзіць на святую Імшу менавіта сюды. Гэта было сведчанне веры гэтых людзей. Сярод іх былі пераважна старэйшыя асобы, але нават у мароз прыходзіла некалькі маладых сем'яў з дзецьмі.

Такое сведчанне стварае моцны фундамент веры нашай парафіі. Мінулай зімой мы ўжо маліліся не на вуліцы. У нас з’явілася магчымасць арандаваць адзін пакой у мясцовым Доме культуры, туды пачало прыходзіць яшчэ больш людзей. Гэта пераважна маладыя сем’і, у якіх па 2 або 3 дзіцяцi».

Парафія была заснавана, супольнасць вернікаў расла, а вось з будаўніцтвам святыні трэба было пачакаць. Чаму ж так доўга трэба было чакаць дазволу на будаўніцтва святыні?

Кс. Павел Салабуда: «Каб атрымаць дазвол на будаўніцтва святыні, трэба прайсці пэўную працэдуру. Спачатку мясцовыя ўлады, губернатар і мэр горада, затым дазвол павінен падпісаць Прэзідэнт краіны, паколькі Гродна — абласны горад. У кастрычніку 2012 года мы двойчы падавалі дакументы на рэгістрацыю, і пасля другой спробы, 26 снежня 2012 года, наша парафіяльная супольнасць была зарэгістравана. Тады мы пачалі збіраць дакументы на пляц. Месца, запланаванае пад касцёл у новым мікрараёне, было тады вельмі далёка, таму мы выйшлі з просьбай аб атрыманні іншага месца, бо ўжо тады існавала неабходнасць святыні і трэба было перанесці капліцу на новае месца.

Мясцовыя ўлады прапанавалі нам вельмі добрае месца ў цэнтры Фабрычнага, але некалькі сем'яў, якія жылі побач з прапанаванай нам пляцоўкай, сказалі, што не хочуць, каб там быў касцёл, бо будзе вялікі рух, будуць біць званы, будуць хаваць памерлых і г.д. Улады прынялі да ўвагі прэтэнзіі гэтых людзей, а мы пачалі занава збіраць дакументы на іншы пляц пад будаўніцтва святыні, запланаваны ў новым мікрараёне. На сённяшні дзень яго размяшчэнне дастаткова добрае.

Пад канец 2014 года мы атрымалі дазвол ад мясцовых уладаў, якія вельмі нам дапамаглі ў справе вылучэння новага ўчастка, і 26 лютага 2015 года дазвол быў падпісаны Прэзідэнтам. З аднаго боку, гэта заняло не так ужо і шмат часу, але з іншага я паспеў заўважыць вялікае жаданне вернікаў мець свой касцёл. Да гэтага часу я бачу гэтае жаданне, бо яны кожны раз пытаюцца ў мяне, калі ўжо распачнецца будаўніцтва, калі будзе асвечаны пляц і да т.п.»

Гэта ўжо канчатковае рашэнне?

«Так, — сцвярджае кс. Павел Салабуда. — Мы атрымалі дазвол ад Прэзідэнта і ўжо распачалі чарговы этап працы. Такі дазвол быў патрэбны па дзвюх прычынах: касцёл будзе будавацца ў абласным горадзе, а зямля, адведзеная пад яго будаўніцтва, раней была гаспадарчай. Прэзідэнт жа з’яўляецца найвышэйшай дзяржаўнай уладай, таму яго рашэнне канчатковае».

Якія наступныя крокі? Архітэктурны праект, экспертыза…


Кс. Павел Салабуда: «Цяпер мы павінны зрабіць архітэктурны праект касцёла і парафіяльнага дома, прайсці экспертызу, правесці геадэзію, і тады мы атрымаем дазвол ад мясцовых уладаў непасрэдна на будаўніцтва касцёла. Нягледзячы на тое, што зямля ўжо наша, мы нічога не можам зрабіць на ёй без дазволу на распачацце будаўнічых прац.

Пазней, калі атрымаем дазвол на будаўніцтва, мы хацелі б перанесці капліцу на новае месца, бо там, дзе яна цяпер знаходзіцца, павінна быць дарога, што будзе злучаць мікрараён з горадам. Капліца вельмі важная для нас, намоленая, таму вернікі вельмі непакояцца за яе лёс. Я спадзяюся, што з часам малодшыя вернікі ўжо будуць глядзець на новы касцёл, а гэтая невялічкая капліца будзе сімвалам пачатку жывога Касцёла».

Што чакае? Альбо ўвага: у парафію шукаюцца сёстры!

Кс. Павел Салабуда: «Перш за ўсё, будаванне жывой хрысціянскай супольнасці ў гэтым новым раёне нашага горада. Я ўвесь час шукаю супольнасць манаскіх сясцёр, якія маглі б распачаць сталую катэхетычную паслугу на тэрыторыі нашай парафіі. У нас вельмі шмат дзяцей, маладых сем'яў, таму важна, каб сёстры не проста прыязджалі ў парафію, а былі тут пастаянна. Пры нагодзе хочацца падзякаваць сёстрам назарэтанкам, якія ўвесь час дапамагаюць мне і праводзяць катэхезу. Парафіяльнае жыццё павінна развівацца, а таму душпастырская апека на першым месцы.

Што датычыцца будаўнічых спраў, – канешне, праца над новай святыняй. Але я маю цудоўных парафіян, якія мне дапамагаюць. Магу сказаць, што я – спецыяліст па душпастырстве, а яны – па будаўніцтве. Мы ствараем менавіта такія адносіны паміж сабой, таму спадзяёмся, што ўсё будзе добра. Хацелася б папрасіць усіх аб малітве і, безумоўна, калі хтосьці хацеў бы дапамагчы матэрыяльна, аб фінансавай падтрымцы».


Чаму ўзнікла патрэба будаўніцтва новай святыні?

Кс. Павел Салабуда: «У 2011 годзе тагачасны пробашч францішканскай парафіі айцец Юзаф Макарчык сказаў біскупу, што распачалося будаўніцтва новага вельмі вялікага мікрараёна. Айцец Юзаф ужо тады разумеў, што там павінен быць свой касцёл, таму што ў той частцы горада паселіцца вялікая колькасць католікаў. А да цэнтра адтуль каля 10 кіламетраў. Праз некалькі месяцаў біскуп абвясціў новую парафію».

Парафія ў лічбах на сённяшні дзень

Сёння ў парафіі налічваецца каля 2500 вернікаў, і гэта пераважна маладыя сем’і. На катэхезу прыходзіць усё больш дзяцей – вучні малодшых класаў. Пакуль няма моладзі, але дзеці – будучыня нашай парафіі.

На сённяшні дзень у мікрараёне пражывае каля 10000 чалавек, але павінна быць каля 70000.

Якія перспектывы чакаюць парафію, раён?



«Аб перспектывах парафіі я ўжо прыгадваў, — кажа пробашч, — гэта, перш за ўсё, духоўны клопат, духоўнае развіццё. Вельмі важнае значэнне мае катэхізацыя маладых людзей і іх дзяцей. Раён разрастаецца. Ходзячы па калядзе, я ўвесь час упісваю новых парафіян. У мікрараёне ўжо пабудавана школа, два дзіцячыя садкі (ужо будуецца трэці, хоць і гэтага замала), два вялікія магазіны, амбулаторыя, а ў бліжэйшы час павінен узнікнуць таксама касцёл.

Некалькі слоў пра сваіх вернікаў

Кс. Павел Салабуда: «У вачах сваіх вернікаў я ўвесь час бачу жаданне пабудаваць уласную парафіяльную святыню. Гэта, безумоўна, вынік іх моцнай веры. Сведчанне гэтай веры я ўжо не аднойчы меў магчымасць убачыць. У якасці парафіі мы ўсё распачынаем ад пачаткаў: засноўваюцца ружанцовыя колы, “Маргарыткі”, сястра з дзецьмі ствараюць школку, з’яўляюцца новыя міністранты.

1 кастрычніка 2012 года, калі я ўпершыню прыехаў да капліцы на Ружанец, там было некалькі пажылых людзей. Калі я ўзначаліў ружанцовую малітву, людзі плакалі. Я не разумеў, чаму яны плачуць падчас Ружанца, але пазней адзін мужчына, які, дарэчы, пабудаваў гэтую капліцу, растлумачыў, што яны ўжо вельмі даўно маліліся аб тым, каб мець свайго пробашча. І атрымалі яго. А цяпер будуць маліцца аб уласным касцёле. Я ж малюся за сваіх парафіян і вельмі ўдзячны Богу за тое, што на маім святарскім шляху ёсць гэтыя людзі».

Ці гатовы ўжо праект касцёла?

Кс. Павел Салабуда: «Працы над праектам касцёла прыкладна на 500 чалавек і парафіяльнага дома, які будзе служыць усёй парафіі, яшчэ працягваюцца. Калі б хтосьці хацеў скласці ахвяраванне, мы былі б вельмі ўдзячныя».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.