“Вялікі дзень! Душы ўваскрашэнне, Уваскрашэнне праўды і дабра, Сумленнасці, любові і натхнення, І міласці ў вобразе Хрыста”, - гэтымі словамі 12 красавіка пачаўся велікодны канцэрт “Хачу спяваць праз усё жыццё” ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні.
Прыгожыя дэкарацыі, вядучыя, святочная музыка і дух любові да Бога настройвалі гледачоў на глыбокія ўнутраныя перажыванні. Увесь вечар быў прасякнуты радасцю, усмешкамі і віншаваннямі з нагоды Уваскрасення Пана.
Канцэрт адкрыў дзіцячы парафіяльны хор са спевам “Он воскрес”. Нібы анёлкі, сыйшоўшыя з неба, парадавалі ўсіх самыя маленькія ўдзельнікі свята, група дзіцячага садка і першага класа катэхезы. Яны падаравалі прысутным “Пасхальны букет” з вершамі і са спевам “Любит Иисус меня”.
Не толькі дзеці, але і старэйшыя здзіўлялі сваімі крэатыўнымі нумарамі: гурт “Маладосць душы”, кола Жывога Ружанца, супольнасць “Легіён Марыі”, парафіяльны хор – кожны аддаў частку сваёй пасхальнай радасці, выступаючы на сцэне.
Добрай традыцыяй стала выступленне гурта “Гулянок”, які з сапраўднай адкрытасцю павесяліў прысутных. Усё, што адбывалася на сцэне, вельмі заварожвала і здзіўляла – “Вясеннія кветачкі” з песняй “Вясна”, танец ”Хрыстос уваскрос” ад аніматараў і “Савіо-клуба”, сцэнка “Джузеппе Верди – Травиате” ад дзіцячага парафіяльнага хора і шмат іншага. На канцэрце можна было не толькі павесяліцца, але і задумацца над сапраўдным сэнсам ахвяры Езуса дзеля людзей і Яго Уваскрасеннем. У гэтым дапамаглі памочнікі аніматараў, якія падрыхтавалі тэатр рук “Я боль твою возьму”, і кандыдаты ў аніматары з інсцэніроўкай “Глядзі на крыж”.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB падзякаваў за цудоўнае свята, благаславіў сабраных і сказаў слова на спакойную ноч: “Калі Бог з намі, хто супраць нас”.
Паводле www.sdb.by (AG) Фота www.sdb.by
|