Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Раман Рачко, рэктар гродзенскай семінарыі: «Мы ўжо дасягнулі кульмінацыі нашай пілігрымкі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.04.2015 13:11

Ксёндз Раман Рачко, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які ў гэтыя дні разам з семінарыйнай супольнасцю знаходзіцца ў пілігрымцы ў Рыме, дзеліцца з карэспандэнтам catholic.by сваімі ўражаннямі.

Юбілейны год — час падзякі

Кс. Раман Рачко: «Сёлетні навучальны год з’яўляецца юбілейным для нашай Alma mater. Мы святкуем 25 гадоў існавання семінарыі. Гэта прыгожы і благаслаўлёны час, калі таксама мы можам падвесці вынікі дзейнасці нашай навучальнай установы. Гродзенскую семінарыю за гэты час скончыла больш за 200 святароў, якія нясуць паслугу на тэрыторыі Беларусі і далёка за яе межамі.

Наша пілігрымка з’яўляецца найперш падзякай Пану Богу за той дар пакліканняў, за вынікі і столькі гадоў напружанай працы, за столькі святароў. Падзякаю і за тых усіх выкладчыкаў і свецкіх супрацоўнікаў, якія на этапе фармацыі семінарыстаў рыхтавалі іх да святарства, перадаючы веды, уласны вопыт і багацце свайго святарства.

Гэта пілігрымка да святых месцаў — гэта таксама час, каб умацаваць нашу веру, паглядзець на традыцыі і багацце Паўсюднага Касцёла. Натоўпы людзей, якія прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом, дакладна пакінулі незабыўны след у памяці нашых навучэнцаў, што засталіся захопленыя сустрэчай з Папам, які іх заўважыў, звярнуўся да іх са сваім словам, прывітаў і затрымаўся, каб пагаварыць…»

Вялікая радасць і велізарная ласка

Кс. Раман Рачко: «Радасць ад сустрэчы з Папам, таксама радасць ад наведвання святых месцаў, звязаных з тымі, хто спрабаваў змяніць аблічча гэтай зямлі і гэтага свету і якія пачулі Божы голас, пайшлі за Панам і сталі сведкамі Уваскрослага Хрыста. Усё гэта пакіне відавочны след у жыцці нашых семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства і шукаюць дарог і адпаведных прыкладаў свайго будучага жыцця, каб як найлепш рэалізаваць дарогу да святасці.


Можна смела сказаць, што мы ўжо дасягнулі кульмінацыі нашай пілігрымкі — незабыўнай сустрэчы з Папам Францішкам, які таксама ўдзяліў нам Апостальскае благаслаўленне. Я веру, што гэта вялікая ласка і давер, што гэта будзе вялікая дапамога для нашых навучэнцаў на наступныя гады падрыхтоўкі да Хрыстовага святарства».

Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка. Падчас пілігрымкі яны наведваюць галоўныя рымскія базылікі і месцы, звязаныя з жыццём святых. Гэтая пілігрымка з’яўляецца падзякай Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі.

Кс. Юрый Марціновіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.