Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Cакратар Папы Францішка прывітаў настаяцеляў і навучэнцаў семінарыі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.04.2015 17:28

16 красавіка, у чарговы дзень наведвання Вечнага горада, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, дапаможнага біскупа дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, настаяцеляў і навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прывітаў Дзяржсакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Сустрэча з іерархам адбылася ў базыліцы св. Пятра.

Кардынал П’етро Паралін у размове з гродзенскімі пілігрымамі прыгадаў свой візіт у Беларусь у мінулым месяцы, які быў здзейснены па запрашэнні беларускай дзяржавы. Іерарх падкрэсліў, што застаўся ўражаны сведчаннем вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і іх адданасцю Богу.

«У маёй памяці застаецца сустрэча ў Мінску, дзе я меў магчымасць сустрэцца з некаторымі з вас. Я рады, што зараз вы прыбылі да месца пахавання апосталаў, таму я жадаю вам добрага прабывання ў Рыме. Я думаю, што гэтая пілігрымка будзе мець дачыненне да вашай добрай падрыхтоўкі да святарства. Падчас свайго візіту ў Беларусь я бачыў у людзей моцную веру, якая працягвае ўзрастаць. Гэта вельмі патрэбна і для будучых святароў. Я жадаю кожнаму з вас, каб у сваёй жыццёвай пілігрымцы дайшлі да святарства, а перад усім каб сталі святарамі веры, поўнымі жыцця, радасці і энтузіязму», — сказаў кардынал.

Прыгадваючы сустрэчу з Папам, Дзяржаўны Сакратар адзначыў: «Веру, што сустрэча з Папам Францішкам будзе для вас узмацненнем. Сёння, калі будзеце ўдзельнічаць у святой Імшы ў базыліцы св. Пятра, памятайце ў сваіх малітвах пра Святога Айца».

Напрыканцы сустрэчы кардынал удзяліў пілігрымам з Беларусі благаслаўленне і перадаў ружанцы на памяць.

Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка. Яе ўдзельнікі наведваюць галоўныя рымскія базылікі, а таксама месцы, звязаныя з жыццём апосталаў і святых, узносячы падзяку Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.