25 красавіка ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе 130 вернікаў.
Сакрамэнт канфірмацыі абавязвае ўсіх, хто яго прымае, да выканання ўчынкаў, якія адпавядаюць каталіцкай веры, да адважнага вызнавання і абароны веры і апостальства ў сваім асяроддзі, абвяшчэння сваёй жыццёвай пазіцыі, што Езус з’яўляецца нашым Збаўцам.
Звяртаючыся да тых хлопцаў і дзяўчат, якія ў гэты дзень прынялі сакрамэнт канфірмацыі, іерарх нагадаў пра хрысціянскі абавязак сведчання пра Хрыста, каб быць «сведкамі Уваскрослага Пана, каб ісці і абвяшчаць Евангелле». Іерарх заахвоціў моладзь несці сваё сведчанне пра Бога і ніколі не страціць скарб, якім з’яўляецца дар веры. 
Напрыканцы Эўхарыстыі моладзь, узбагачаная сямю дарамі Святога Духа, падзякавала біскупу, катэхетам, бацькам і паабяцала, што будзе кожны дзень жыць паводле Божых загадаў.
Таксама ў гэты дзень біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымала 180 вернікаў гэтай парафіі.
Кс. Юрый Марціновіч
|