Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне прынялі сакрамэнт канфірмацыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.04.2015 12:32

26 красавіка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымалі 140 чалавек.

Канфірмацыя — гэта сакрамэнт, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар. Праз служэнне біскупа Гродзенскага вернікі атрымалі сем дароў Святога Духа, якія павінны дапамагчы вызнаваць ім сваю веру.

У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі прыгадаў прысутным пра важнасць сакрамэнту канфірмацыі, які сведчыць пра хрысціянскую сталасць і павінен паглыбіць распачатую падчас хросту сувязь з Езусам і Касцёлам. Святар таксама зазначыў, што падчас прыняцця гэтага сакрамэнту на чалавека асаблівым чынам сыходзіць Дух Святы, які чыніць людзей адважнымі і радаснымі ў штодзённым абвяшчэнні Добрай навіны. „Дух Святы прыходзіць да вас, кааб вы былі сведкамі веры ўваскрослага Езуса Хрыста”, – дадаў святар.



На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў маладых людзей, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, кожны дзень даваць сведчанне сваёй веры, не саромецца прызнавацца ў прыналежнасці да Хрыста і Яго Касцёла ў сваіх месцах навукі, працы і ў кожным іншым месцы.

Прыняцце Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі – адна з важнейшых падзей у жыцці католіка, таму біскуп прасіў, каб маладыя людзі ў сваім штодзённым жыцці ніколі не страцілі Езуса Хрыста, які для кожнага чалавека заўсёды хоча быць Добрым Пастырам. Таму іерарх заахвочваў, каб заўсёды ісці за голасам Езуса.

Таксама ў гэты дзень біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Сакрамэнт прынялі каля 40 чалавек. 

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.