Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб абудзілі свет і паказалі іншы стыль жыцця: у Лідзе прайшоў сімпозіум для кансэкраваных асобаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.04.2015 12:02

29 красавіка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе прайшоў сімпозіум для кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі пад назвай «Евангелле, прароцтва, надзея».

Гэты сімпозіум адбыўся ў межах Года кансэкраванага жыцця, мэта якога — паглыбіць веру тых, хто ахвяраваў сваё жыццё на служэнне Богу і людзям, а таксама падкрэсліць значэнне кансэкраваных асобаў у жыцці Касцёла.

На сімпозіум прыбылі законныя айцы і сёстры, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Агульная колькасць прысутных склала 70 чалавек.

На пачатку сімпозіума ўсіх сабраных законнікаў прывітаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які выказаў радасць з гэтай супольнай сустрэчы. Па словах іерарха, у нашым жыцці патрэбны такі прыпынак, да якога заахвочвае сам Хрыстус. Гэты прыпынак, як адзначыў біскуп, дадзены для рэфлексіі над сваім пакліканнем і штодзённым жыццём, каб «з удзячнасцю глядзець на карані законнай супольнасці, на заснавальнікаў, на харызмат, на аб’ектыўную сітуацыю сучаснага стану і з надзеяй на будучыню». Біскуп пажадаў, каб духоўныя плёны гэтага сімпозіума паўплывалі на жыццё вернікаў і мясцовага Касцёла.

Паказаць іншы стыль жыцця


Першым дакладчыкам на сімпозіуме быў чалавек з вялікім вопытам законнага жыцця айцец прафесар Казімеж Маліноўскі OFMConv, генеральны сакратар Канферэнцыі Вышэйшых Настаяцеляў мужчынскіх законаў у Польшчы, якi прадставіў даклад на тэму «Абудзіце свет радасцю, крыніцай якой з’яўляецца Хрыстус: Папа Францішак да кансэкраваных асобаў».

«Пан Бог даў нам гэты час — Год кансэкраванага жыцця — каб мы адчулі каштоўнасць, а нават прэстыж нашага паклікання ў Касцёле, наша асаблівае месца ў гэтай супольнасці і пакліканне», — адзначыў ва ўступе а. Маліноўскі.

У сваім выступе святар звяртаўся да слоў Святога Айца Францішка, скіраваных да кансэкраваных асобаў. Услед за Пантыфікам дакладчык заахвочваў усіх кансэкраваных асобаў, каб словам і канкрэтным учынкам «абудзілі свет, паказалі іншым, што магчыма іншае жыццё».

«Кансэкраваная асоба перад тым, як возьмецца за «абуджэнне свету», павінна найперш абудзіцца сама. Мы пакліканыя ў гэты час, каб старанна зрабіць рахунак сумлення і спытаць сябе: ці я сапраўды з’яўляюся сведкам Хрыста? Ці я паказваю людзям той іншы спосаб дзейнасці і мыслення, які з’яўляецца ўласцівым Хрысту?» — дадаў а. Маліноўскі.

Як адзначыў выступоўца, гэтая «фундаментальная адметнасць Езуса заснавана на тым, што Ён, будучы на зямлі, глядзеў на зямное жыццё з перспектывы неба, быў паміж намі, але быў грамадзянінам нябеснай краіны».

У сваім слове святар звярнуўся і да тэмы беднасці, да якой заахвочвае асаблівым чынам Папа Францішак: «Спажывецкі стыль жыцця робіць у чалавеку тое, што ён спыняецца сумаваць па больш глыбокіх каштоўнасцях і засяроджваецца на авалоданні матэрыяльнымі дабротамі, якія цалкам запаўняюць яго сэрца». Таксама дакладчык спаслаўся на словы Папы, які казаў, што «чалавек спажывае гэты свет, каб прынамсі на хвіліну супакоіць прагненне свайго сэрца».

Вярнуцца да каранёў веры


Наступным з запрошаных дакладчыкаў была сястра прафесар Агата Мірэк з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыi, якая прадставіла даклад на тэму «Законнае жыццё ў служэнні новай евангелізацыі». Выступоўца адзначыла, што законнае жыццё — справа Бога, якая найперш з’яўляецца і ўзрастае ў сумленнях, калі знаходзіць у чалавечых сэрцах згоду і гатоўнасць да супрацоўніцтва. «Законнае жыццё рэалізуецца праз паслухмянасць у веры на шляхах, якія ведае толькі Бог», — дадала дакладчыца.

Кажучы пра евангелізацыю, сястра Агата Мірэк зазначыла, што «належыць клапаціцца аб евангельскай якасці таго, што мы робім і чым жывем», а таксама «трэба звярнуць увагу на гісторыю, на ўсе мінулыя здарэнні, якія нас датычаць, належыць прачытаць іх з духоўнай мудрасцю, каб убачыць каштоўнасныя альтэрнатывы, звязаныя выключна з нашай місіяй».

«Пошук больш аўтэнтычнай якасці евангельскага жыцця не можа прабягаць па-за гісторыяй, а тым больш немагчыма выключаць адказнасці апостальскай, таго, што місія ў нашым жыцці заўсёды застаецца сапраўдным выклікам», — звярнула ўвагу дакладчыца.

Кажучы пра ўступленне ў законную супольнасць, сястра заўважыла, што ў супольнасць ідуць не дзеля якойсьці мэты, але «з-за Кагосьці, з-за Езуса Хрыста і натхнення, якое Ён абуджае ў нас».

Узгадваючы аб праблемах законнага жыцця, выступоўца падкрэсліла тую найважнейшую праблему, якой з’яўляецца вера. «Наша апостальскае жыццё мусіць нанова знайсці свае карані, мы павінны здзейсніць «закладанне нанова». Вярнуцца да каранёў азначае нанова сфармаваць духоўнасць нашых законаў і супольнасцяў — а гэта здаецца сапраўдным выклікам», — дадала сястра Агата Мірэк.

«Нам патрэбна больш рашуча вярнуцца да каранёў веры, са свядомасцю, што ў Евангеллі крыецца выключная моц, каб адказаць на сённяшнія патрэбы. Пасля глыбокай сустрэчы з Езусам Хрыстом і Евангеллем нам трэба вярнуцца ў нашы дамы, да нашай місіі», — адзначыла выступоўца.

Сястра заахвоціла ў сваім выступленні, каб у штодзённым служэнні «далей сеяць у сваім сэрцы і вакол сябе зерне надзеі, дзелячыся з іншымі». «Мы павінны прымаць — з верай, а таксама з даверам і надзеяй — той недахоп “паўнаты”, які з’яўляецца сёння нашым крыжам, і не паддавацца ўражанню, што гэта не мае сэнсу», — адзначыла дакладчыца.

Увайсці ў адносіны з Хрыстом


У межах сімпозіума адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ў ККББ, у канцэлебры з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім.

З гаміліяй падчас Імшы звярнуўся біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх нагадаў пра апякунку гэтага дня, якую ўзгадвае літургія Касцёла — святую Кацярыну Сіенскую, панну і доктара Касцёла, яе шлях да дасканалага жыцця і да святасці. Біскуп адзначыў, што прыклад святой Кацярыны, падобна як і многіх іншых людзей, прысвечаных Богу, паказвае, наколькі вялікім дарам для Касцёла з’яўляецца кансэкраванае жыццё.

«Кожная форма кансэкраванага жыцця з’яўляецца перш за ўсё найбольш радыкальным сведчаннем наследавання Езуса Хрыста, які кліча выбраных асобаў, каб дзялілі Яго досвед чыстасці, убоства і паслухмянасці. Захоўваючы чыстасць, законная асоба ўваходзіць у асаблівыя адносіны любові з Хрыстом», — дадаў іерарх.

Біскуп узгадаў таксама пра тры законныя шлюбы, да якіх абавязваюцца кансэкраваныя асобы.

«Чыстасць — гэта здольнасць любові да Бога і чалавека, здольнасць станавіцца безумоўным дарам для іншых, служэння бліжнім і клопату пра іх дабро. Гэта сведчанне, што дзеля Бога можна адмовіцца ад іншых дабротаў, што можна палюбіць Яго ўсім сэрцам і што такая любоў робіць чалавека шчаслівым», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Кажучы пра шлюб убоства, біскуп адзначыў, што ён з’яўляецца найперш «поўным адданнем сябе Езусу Хрысту», «наследаваннем Яго спосабу жыцця». «Законнае ўбоства — гэта чуванне, каб нікому — акрамя самога Бога — не аддаць свайго сэрца, каб любоў да Бога была той каштоўнай пярлінай, для якой варта жыць без уласнасці», — патлумачыў іерарх.

Кажучы пра паслухмянасць, гродзенскі ардынарый заўважыў, што яна з’яўляецца праявай поўнай прыналежнасці Хрысту і згоды з Яго планамі. «Паслухмянасць — гэта вызнанне Хрыста як Таго, хто мае ўпадабанне толькі ў выкананні волі Айца», — сказаў біскуп.

Падчас сімпозіума быў таксама час на дыскусію і пытанні да дакладчыкаў, a сёстры з Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі падрыхтавалі прэзентацыю «Жыццё кансэкрацыі», галоўнай думкай якой было: «каб жыць, трэба мець сувязь з Даўцам Жыцця, трэба быць з Ім у блізкай сувязі».

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.