Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Смаргонь прывітала рэкордную колькасць удзельнікаў ХХІІ Дыяцэзіяльных дзён моладзі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.05.2015 17:11

1 мая ў Смаргоні пачаліся XXII Дыяцэзіяльныя дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Горад вельмі гасцінна і сардэчна прывітаў амаль 2 тысячы маладых людзей, якія прыбылі з усёй дыяцэзіі – гэтая лічба стала рэкорднай за ўсю гісторыю прaвядзення Дыяцэзіяльных дзён моладзі.

Сярод удзельнікаў ёсць таксама прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Прысутнічае і група студэнтаў з Нігерыі (9 чалавек), якія вучацца ў гродзенскіх ВНУ.

Прысутнасць такой вялікай колькасці ўдзельнікаў стала магчымай дзякуючы таксама спецыяльнаму цягніку, аб якім паклапаціліся арганізатары Дзён моладзі, заключыўшы дамоўленасць з Беларускай чыгункай. Спецыяльны цягнік “Гродна-Смаргонь”, які меў назву “Чыстыя сэрцам”, вырушыў раніцай гэтага дня з Гродна, на сваім шляху прыпыніўшыся ў Лідзе, дзе далучыліся новыя ўдзельнікі. Агульная колькасць моладзі разам са сваімі душпастырамі і сёстрамі законнымі, якія прыбылі цягніком у Смаргонь, склала больш за 1200 пасажыраў.


На смаргонскім вакзале пасажыраў цягніка гасцінна прывіталі прадстаўнікі салезіянскай супольнасці, якія сёлета сталі гаспадарамі сустрэчы моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Віталі сваіх аднагодкаў і маладыя людзі са Смаргоні, адразу хутка і спраўна накіроўваючы сваіх гасцей на начлег.

Жыхары горада кажуць, што яшчэ не было такога, каб столькі маладых і энергічных людзей прыбылі адным цягніком у Смаргонь. Тыя, хто жыве побач з вакзалам, былі ўражаны агульнай атмасферай, радаснымі спевамі і прысутнасцю шматлікай моладзі – будучыні.

Дні моладзі толькі пачынаюцца. Перад амаль дзвюма тысячамі ўдзельнікаў -  шмат цікавых сустрэч, супольная малітва, канферэнцыі і канцэрты. У моладзі добры настрой, а на дварэ цудоўнае надвор’е.


Cёлетнія Дыяцэзіяльныя дні моладзі прысвечаны словам благаслаўленняў Езуса «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Хочацца пажадаць, каб для ўдзельнікаў гэта быў час сумеснай радасці ў Хрысце і адкрыцця ў сабе дару чыстага сэрца.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.