2 мая ў межах ХХІІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі Смаргонь наведаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх узначаліў святую Імшу, падчас якой сустрэўся з маладымі вернікамі Касцёла на Гродзеншчыне.
Моладзь вельмі радасна прывітала прадстаўніка Папы, прысутнасць якога з’яўляецца знакам непарыўнай лучнасці, што аб’ядноўвае Касцёл на Гродзеншчыне з асобай Святога Айца. У Імшы ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станескі.
На пачатку Імшы прысутных прывітаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які ўзгадаў, што сёлета прыпадае 30-я гадавіна ўстанаўлення Янам Паўлам ІІ у Касцёле Сусветных дзён моладзі. Гродзенскі ардынарый адзначыў, што прысутнасць Апостальскага Нунцыя – “бачны знак нашай духоўнай лучнасці з асобай Святога Айца Францішка”. “Гродзенская моладзь разам з усімі вернікамі нашай дыяцэзіі дапамагае сваёй шчырай малітвай Святому Айцу, давяраючы Божаму Провіду яго асобу і апостальскае служэнне”, – дадаў біскуп.
У гаміліі, разважаючы над першым літургічным чытаннем гэтага дня, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзгадаў сваё прабыванне ў Антыёхіі, дзе адбываюцца апісаныя там падзеі. Іерарх нагадаў, што хрысціян з гэтых мясцін – нашчадкаў тых, пра якіх кажа Святое Пісанне, – сёння пераследуюць і забіваюць, яны вымушаны былі пакінуць свае дамы. “Гэта знак таго, што д’ябал і сёння актыўны ў пераследзе хрысціян”, – дадаў Апостальскі Нунцый.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў Дыяцэзіяльных дзён моладзі, арцыбіскуп сказаў: “Вы першае пакаленне, якое не спазнала пераследу. Веру вы атрымалі ад людзей, якія на сваім вопыце зведалі пераслед. І сёння першая падзяка прадстаўніка Папы – гэта падзяка вашым бабулям, дзядулям, бацькам, святарам, сёстрам законным – усім тым, хто быў для вас сведкамі веры. Усе яны сёння могуць радавацца плёнам іх сведчання – вашай прысутнасці і вашай веры”.
Кажучы пра сведчанне маладых вернікаў сярод равеснікаў, іерарх адзначыў: “Калі здаецца, што людзі не зважаюць на наша сведчанне і не цікавяцца верай – гэта знак таго, што Бог кажа: ты пасеяў тут сваё сведчанне, а зараз ідзі ў іншае месца і паспрабуй прапаведваць там”. Нагадваючы, што маладыя хрысціяне таксама будуць перажываць расчараванні, неразуменне з боку аднагодкаў, арцыбіскуп параіў: “Калі ў вас будзе спакуса адчуваць сябе нікому не патрэбнымі і самотнымі, успомніце, што ёсць людзі, якім яшчэ ніхто не казаў пра Езуса. Ідзіце да іх і ўсміхніцеся ім. Заўсёды знойдзецца той, хто спытае: у чым сакрэт тваёй усмешкі? І будзьце гатовыя даць ім адказ”.
“У такія моманты памятайце, што хрысціяне з Антыёхіі былі напоўнены радасцю нават падчас пераследу, - заклікаў Апостальскі Нунцый моладзь. - І таксама сёння хрысціяне з Алеппо кажуць: мы не можам пакінуць нашу хрысціянскую веру, таму што наша вера – як колер нашай скуры, яе нельга згубіць”.
Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, арцыбіскуп адзначыў: “Вы адчуваеце прыгажосць прыроды, якая набліжае вас да Бога. І гэта натуральнае праяўленне рэлігійнасці, якое мелі і вашы далёкія продкі, якія не былі хрысціянамі. Але сёння паміж намі тут праходзіць Езус, які кажа: Я пакажу вам Айца, Я – Бог”. “Скандал хрысціянства – у тым, што Бог шукае апошняга, самага беднага і грэшнага чалавека ў свеце”, – падкрэсліў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што многім людзям вельмі цяжка гэта прыняць.
Таксама іерарх нагадаў маладым вернікам, што “Божай моцай, у якой мы жывём, мы можам усё, мы здольныя чыніць цуды – нягледзячы на нашу чалавечую беднасць”, і што “ніводная малітва, скіраваная да Бога, не застаецца без увагі, хоць у Бога час адрозніваецца ад нашага” і чалавеку можа здавацца, што Бог не зважае на малітвы. 
“Вы вельмі глыбока перажываеце малітву – настолькі, што гэта чытаецца на вашых тварах. Але малітва – не аўтаматычнае паўтарэнне словаў, якім вас навучылі: вы глядзіце ў вочы Богу і дазваляеце, каб Ён глядзеў у вашы вочы, - звярнуў увагу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. - Адносіны Хрыста да вас вельмі падобныя да адносін закаханых: Езус закаханы ў вас і чакае, што вы зазірнеце ў Ягоныя вочы. Памятайце аб гэтым, калі моліцеся: тады вы ўбачыце паток любові паміж вамі і Езусам і адчуеце, як ваша сэрца напоўніцца радасцю”.
“Верце ў Евангелле Езуса не таму, што гэта прыгожая казка, але таму, што сапраўды Бог такі”, - заахвоціў маладых людзей Апостальскі Нунцый.
У заключным слове біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прагучала запрашэнне на прыезд Папы Францішка ў Беларусь. Прысутная моладзь вельмі хутка падтрымала гэтыя словы, і каля дзвюх тысяч чалавек разам крычалі: “Беларусь чакае Папу!” (AG), (JM)
|