Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Каб захаваць чысціню сэрца, трэба падтрымліваць сваё духоўнае жыццё»: катэхеза ў групах падчас Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.05.2015 18:34

2 мая ў першай палове дня ў межах ХХІІ Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Смаргоні адбылася катэхеза ў групах. Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі сёлета прысвечаны словам благаслаўленняў Езуса “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8).

Прысутнай моладзі было прапанавана выбраць адну з шасці груп, якія былі прысвечаны тэмам: чысціня сэрца ў жыцці святара, кансэкраванай асобы, сужэнства, нарачоных, дзяўчыны, хлопца. Моладзь разважала аб тым, што чысціня сёння патрэбна кожнаму чалавеку і да яе трэба імкнуцца; што трэба быць чыстым у словах, думках, учынках – заўсёды.

Пасля ўсім сабраным былі прадстаўлены вынікі працы ў групах.


Першая група разважала пра чысцiню сэрца ў жыццi святара. У гэтай групе сабраліся маладыя хлопцы, і не выключана, што хтосьці з іх задумваецца над дарогай святарскага паклікання. Тэму групы раскрыў духоўны айцец семінарыі ў Гродне кс. Валерый Быкоўскi.

Ксёндз Валерый Быкоўскі адзначыў, што “святарства - гэта дар вялікай таямнiцы”, дадаў, што вельмі важна захаваць чысціню свайго паклікання, і што пакліканне кожнага – гэта пакліканне ў любові. Як разважалі ўдзельнікі групы, чысціня – “гэта як чыстая ігра на гітары, ігра без памылак”.

Ксёндз Валерый Быкоўскі прывёў прыклад, як чалавек купіў пустое поле – падобна і ў жыцці святара: ён атрымоўвае такое ж поле, і трэба, каб на ім штосьці вырасла. Па словах святара, кожны чалавек павінен зрабіць свой жыццёвы выбар, на жыццёвым шляху Бог кожнаму дае свечку, і важна не згасіць гэтае святло.

Сёстры з супольнасці Святой Сям’і з Назарэту прапанавалі паразважаць на тэму чысціні ў жыцці кансэкраванай асобы. Яны нагадалі, што манаскае жыццё звязана з захаваннем цнатлівасці. Для канскэраванай асобы Бог з’яўляецца ўсім тым, чаго патрабуе свецкі чалавек. Законніцы прывялі прыклад з жыцця святой Агнешкі, якая аддала сваё жыццё за цнатлівасць.  

Такім чынам, удзельнікі гэтай групы прыйшлі да высновы, што манаскае жыццё дае волю, радасць, ласку і багацце.


Наступная група разважала пра чысціню ў сужэнстве, маладым вернікам дапамагаў а. Віктар Бохан CSsR. Удзельнікі групы пачулі сведчанне маладых сужэнцаў, якія заклікалі падтрымліваць адно аднаго ў сямейным жыцці. Падобна таму, як вучыць малітва “Ойча наш”, сужэнцы параілі прабачаць адно аднаму, нягледзячы на зямныя перашкоды. У захаванні чысціні сэрца сужэнству, як было адзначана, дапамагае малітва, споведзь і ўзаемны давер.

Чацвёртая група разважала пра чысціню нарачоных, якія рыхтуюцца да сакрамэнту сужэнства. Дарадчыкі сямейнага жыцця з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні прапанавалі паразважаць над паняццямі сяброўства, закаханасці і кахання.

Сяброўства, як адзначалася, вучыць ахвяры, дазваляе рабіць выбар. Закаханасць - пачуццё, якое бачыць у чалавеку толькі станоўчыя рысы характару. А ў людзей, якія па-сапраўднаму кахаюць адно аднаго, з’яўляюцца агульныя погляды на жыццё, яны прымаюць чалавека такім, які ён ёсць, – гэта было названа найважнейшым.

Удзельнікі пятай групы, якую ўзначалілі сёстры салезіянкі, разважалі пра чысціню ў жыцці дзяўчыны. Яны прыйшли да высновы, што чысціня сэрца - дар, неабходны для чалавечага жыцця. Як адзначалася, святы Ян Боско заклікаў да малітвы Словам Божым, якая з’яўляецца “малітвай-стралой”, і для захавання чысціні сэрца неабходныя святыя сакрамэнты: частая споведзь і святая Камунія. Сёстры заклікалі памятаць, што дзяўчыны адказныя за чысціню і разам са сваім каханым павінны ўзрастаць у ёй.

У шостай групе сканцэнтраваліся на тэме чысціні ў жыцці хлопца, удзельнікам дапамагаў кс. Уладзіслаў Сурвіла. Святар адзначыў, што ў сучасным свеце маладыя людзі крочаць за сваімі жаданнямі, нават калі гэтыя жаданні і не цнатлівыя, таму, каб перамагчы свае спакусы, неабходна ўцячы. Каб захаваць чысціню свайго сэрца, трэба, як было адзначана, падтрымліваць сваё духоўнае жыццё праз пастаянную споведзь, пазбяганне сітуацый, якія вядуць да спакусы, і малітву іншых людзей.


Анастасія Мішкура

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.